Вёска была вельмі прыгожай, стаяла на Днястры на мяжы з Малдовай. Бацькі свёкра былі сялянамі, акрамя Васіля у іх было яшчэ пяцёра дзяцей. Сям'я была працавітая, заможная. Мелі свой млын. У 1937-м бацьку забралі. Дадому ён не вярнуўся... Многія гады яго пошукі не далі ніякіх вынікаў. Сям'я так і не ведае, што з ім адбылося...
У 18 гадоў ў 1944 годзе Васіль быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Адразу трапіў у вучэбную дэсантную частку пад Свярдлоўскам. Там была арганізавана трохмесячная падрыхтоўка. Але скочыць з парашутам прыйшлося толькі раз. Адтуль быў накіраваны пад Віцебск у Баравуху. Атрымалася так, што ваяваў у зенітных частках. З баямі мінуў Венгрыю, Чэхаславакію і Аўстрыю. Перамогу сустрэў у Вене. Пасля вайны яго частка дыслакавалася ў Бабруйску. Ваенная служба ў агульнай складанасці працягнулася сем гадоў. З Бабруйска Васіля Паўлавіча разам з аднапалчанамі накіроўвалі на працу ў Калодзежы Чэрвеньскага раёна. Прыязджалі разам з ім хлопцы, якія былі родам з Прыбалтыкі, Расіі, Украіны. Многія засталіся тут пасля дэмабілізацыі, завялі сям'і. Застаўся і Васіль. Пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Лідзіяй Пятроўнай.
У сям'і нарадзілася пяцёра дзяцей: тры сыны і дзве дачкі. Працаваў Васіль Паўлавіч ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» брыгадзірам трактарнай брыгады. Быў камуністам. Прырода надзяліла яго змыслым розумам. Шмат розных прыстасаванняў да трактара прыдумаў ён, каб лягчэй было апрацоўваць глебу.
Як перадавы работнік Васіль Паўлавіч быў дэлегаваны ў Маскву ў 1969 годзе на ВДНГ. Там яму ўручылі медаль за вырошчванне кукурузы і ў падарунак гадзіннiк. Пашчасціла пабываць яму і ў Астанкінскай тэлевежы ў рэстаране «7-ае неба».
Ён узнагароджаны ордэнам «Айчыннай вайны ІІ ступені», мае шмат і юбілейных медалёў. У 68 гадоў ён пайшоў з жыцця.
Шкада, што вельмі мала ведаем мы пра яго ваенныя дарогi. Не любіў ён пра гэта ўзгадваць...
Галіна ВОРНIК, былая настаўніца, в. Горкаўская Слабада

