У маладосці ім абодвум выпала цяжкае выпрабаванне - фашысцкі палон. Напярэдадні Дня Перамогі ў сям'ю Уласавых прыехаў ваенкам з ганаровай місіяй - уручыць былым вязням юбілейныя ўзнагароды.
Аляксандр Піліпавіч і Марыя Кузьмінічна Уласавы шмат гадоў пражылі душа ў душу. Калі ў старасці ім стала цяжка самім спраўляцца з хатняй гаспадаркай, пераехалі з Магілёўшчыны на Чэрвеньшчыну. Тут яны жывуць у выгодзе і цяпле побач з дзецьмі, пад клапатлівым наглядам, акружаныя ўвагай і любоўю. Але не-не, ды і прамільгне ў вачах сумная цень успамінаў, якія так не хочацца варушыць... Уручаючы пары памятныя медалі «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў», ваенны камісар Дзмітрый Сініцкi пажадаў ім моцнага здароўя, мірнага неба і спакою ў сэрцы, каб старыя ўспаміны не верадзілі душу і ніколі не было падставы баяцца паўтарэння тых падзей.
«У нашай дзяржаве, народ і армія заўсёды будуць на варце мірнага неба і суверэнітэту Беларусі, мы нікога не дамо ў крыўду і заўсёды будзем удзячныя вашаму пакаленню за ўсё, што вам давялося перажыць дзеля светлай будучыні!» - сказаў Дзмітрый Сініцкi, уручаючы ўзнагароды пары Аляксандру Піліпавічу і Марыі Кузьмінічне.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

