Віктар Галубец
Так, у в. Натальеўск запланавана асфальтаванне вуліцы «50 гадоў БССР», якая з'яўляецца цэнтральнай у гэтым населеным пункце. Выгляд на яе адкрываецца пры ўездзе і выездзе з Чэрвеня на Магілёўскай шашы. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Гадуна працы на ёй пачнуцца на наступным тыдні. Асфальтаванне будзе ажыццяўляць ДРБУ-121. Пакуль гэта арганізацыя завяршае дарожныя работы на іншых аб'ектах.
Як адзначыла старшыня Калодзежскага сельвыканкама Людміла Пасудзеўская, гэтая вуліца ў цэнтры ўвагі ўжо не адзін год. Заасфальтавана і добраўпарадкавана была яшчэ ў 70-я гады, калі вялося будаўніцтва шматкватэрных дамоў. Але з часам асфальт знасіўся, на некаторых участках знік зусім. Падчас будаўніцтва новай магілёўскай трасы, па ёй праходзіў інтэнсіўны рух вялікай колькасці транспарту. Пасля адкрыцця шашы, вуліцу прагрэйдавалі і падсыпалі жвірам. Такія работы праводзяцца перыядычна і ў цяперашні час. Але яна патрабуе цяпер капітальнага рамонту. Жыхары вёскі Натальеўск неаднаразова звярталіся ў сельвыканкам, райвыканкам па дапамогу ў яе добраўпарадкаванні.
Леанід Шофман, доктар сельскагаспадарчых навук, былы работнік доследнай станцыі, жыхар дома №19:
- З пытаннем па добраўпарадкаванні не толькі вуліцы, але бліжэйшых дамоў, я звяртаўся падчас прыёму да старшыні райвыканкама Віталя Казлова. Ён з разуменнем паставіўся да маёй просьбе, паабяцаў, што выедзе камісія, кампетэнтныя спецыялісты правядуць абследаванне і ўсталююць аб'ём неабходных работ. Акрамя таго, у афіцыйным адказе райвыканкама мне паведамілі, што на 3-i квартал запланаваны касметычны рамонт дома №19. У жыхароў ёсць яшчэ адна невялікая просьба: пры правядзенні работ ўсталяваць дэкаратыўную агароджу вакол дамоў. Будзе эстэтычна і бяспечна.
Ала Ладуцька:
- Асноўнай праблемай, на мой погляд, на нашай вуліцы з'яўляецца тое, што з раніцы да вечара па ёй рухаюцца велікагрузы: трактары, машыны, велізарныя фуры - па насенне бульбы і збожжа на склады і сховішчы доследнай станцыі. Пры гэтым у вёсцы ёсць аб'язная дарога.
Віктар Галубец:
-Каб новае пакрыццё праслужыла доўга, хочам звярнуцца да ДАІ з просьбай па ўстаноўцы знака аб'язной дарогі і дзяжурства ў першыя дні пасля добраўпарадкавання. Ёсць яшчэ пажаданне: зрабіць па-магчымасці і пешаходную дарожку, хоць бы з аднаго боку вуліцы.
Вера Мурашка:
-Хвалюе нас і невялікае адгалінаванне ад вуліцы «50 гадоў БССР» направа да двухпавярховым дамам і трохпавярховаму. Пра гэты адрэзак забываюць нават калі грэйдуюць асноўную. У дажджлівае надвор'е тут стаiць велізарная лужына.
Гутарыла Галіна Гамеза. Фота аўтара

