Як паведамілі «Раённаму весніку» ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама, гэты від работ выкананы ў сельгаспрадпрыемствах на 13 тысячах 551 гектары. Нарыхтавана 73 тысячы 437 тоны сенажу (58,7 адсотка да плана) і 1818 тон сена (29,2 адсотка).
Механізатары ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс» Аляксандр Розум і Міхаіл Гатоўка
Гадавы планавы аб'ём сенажу нарыхтавалі з першага ўкосу ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Чэрвеньскі райаграсэрвіс». Гэта гаспадарка таксама мае лепшую ў раёне забяспечанасць травяністымі кармамі на ўмоўную галаву жывёлы - 11,85 цэнтнера кармавой адзінкі.

Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Забаўскі з механізатарам на касьбе траў Міхаілам Ладуцька
- касьбу траў першага ўкосу мы пачалі без затрымкі, так як, дзякуючы нашаму дырэктару Генадзю Шэршаню, атрымалася грунтоўна і якасна адрамантаваць корманарыхтоўчую тэхніку, - распавёў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Забаўскі. - Гэта - дзве касілкі «КМР-9», тры падборшчыка (два «КВК» і «Ягуар»), сем трактароў і пяць аўтамашын для адвозу зялёнай масы.
Закладку першай траншэі пачалі 6 чэрвеня і на сёння не толькі цалкам выканалі гадавы план па сенажу (13800 тон), але і нарыхтавалі тысячу тон гэтага віду кармоў дадаткова.

Аграном Ілона Бурая з механізатарамі на трамбоўцы сянажнай масы Яўгенам Шняком і Аляксандрам Багамазам
Травы першага года карыстання, а гэта пераважна канюшына з цімафееўкай, фiстулолiум і люцэрна, парадавалі нас высокай ураджайнасцю зялёнай масы - каля 170 цэнтнераў з гектара. У гэтым годзе мы таксама абнавілі кармавыя ўгоддзі, падсеяна амаль 490 гектараў траў...
Пасля закладкі апошняй сянажнай траншэі ў гаспадарцы пачалі ўборку траў на сена. Яго нарыхтавалі амаль 250 тон. З другога ўкосу тут разлічваюць назапасіцца яшчэ чатырма з паловай тысячамі тон сенажу і 500 тонамі сена.
Ігар Адамовіч. Фота аўтара

