Традыцыйна 3 ліпеня жыхары і госці Чэрвеньскага раёна аддаюць даніну павагі гераічнасці і стойкасці салдат, падпольшчыкаў і партызан, самаадданай працы работнікаў тылу і тых, хто ўздымаў з руін разбураныя вайной населеныя пункты.
Кветкі да помніка воінам і партызанам Чэрвеньшчыны і на Алеі Герояў у Чэрвені сёння ўсклалі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Віталём Казловым, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў. Мерапрыемства ў гэтым годзе прайшло без мітынгу, але ў кожнага чалавека ёсць магчымасць прыйсці туды ў любы час, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў.
Фотаздымак з сайта chpsl.minsk-region.edu.by
Пасля ўскладання кветак цэнтрам святочнай праграмы ў Чэрвені стала вуліца Карла Маркса. Тут разгарнуўся арт-праспект «Беларусь - гэта мы!» з выставай работ юных мастакоў - удзельнікаў пленэра «Фарбы роднай зямлі» і фотаздымкамі знакамітых людзей і гістарычных мясцін Чэрвеньшчыны, а таксама інтэрактыўныя і забаўляльныя пляцоўкі з фотазонамi, дзіцячымі атракцыёнамі, гульнямі і маляўнічым аквагрымам.
Пачалі сваю працу інтэрактыўныя тэматычныя зоны, горкі-батуты і ў Смілавічах.
Музычным акцэнтам дня сталі святочныя канцэрты ў Чэрвені на пляцоўцы каля кінатэатра «Сучаснік» і ў Смілавічах каля Дома культуры з удзелам салістаў і творчых калектываў раёна. Надвор'е ў гэты дзень, вядома, ўнесла свае карэктывы. Аднак яно ніяк не паўплывала на агульную атмасферу свята, прасякнутую, перш за ўсё, падзякай да тых герояў, якія 75 гадоў таму вызвалілі краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Увечары, у 21.00, марафон мерапрыемстваў прадоўжыўся на адкрытай пляцоўцы раённага Цэнтра культуры і вольнага часу ў Чэрвені, дзе выступілі маладыя беларускія выканаўцы Наталля Кебікава, Аляксандра Макольская і Андрэй Хурсевiч, і ў летнім амфітэатры ў Смілавічах - танцавальна-забаўляльнай праграмай. Там жа адбылася акцыя «Спяём гімн разам».
З гісторыі свята. Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, было прынята ў 1996 годзе ў ходзе лістападаўскага рэспубліканскага рэферэндуму. У снежні таго ж года дэкрэтам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі усталявана дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Ён стаў сімвалам вызвалення ўсёй краіны.

