Як з гумарам выказаўся кіраўнік ансамбля Рыгор Ладуцька - «Ніколі не было, каб яго не было!» Пры гэтым калектыў не губляе ні маладога запалу, ні кахання публікі. Гэта пацвердзілася нядаўна ў Чэрвені на «Культурнай серадзе».
Рэпертуар раваніцкiх «Крыніц» - беларускія, а таксама рускія і ўкраінскія народныя песні. Ёсць і эстрадныя творы. Як распавёў Рыгор Ладуцька, загадчык Раваніцкага сельскага дома культуры і вядучы артыст калектыву, для кожнага свята, абраду, для кожнай пары года ёсць цэлыя праграмы і асобныя нумары: «Дзеля Дня Перамогі і Дня Незалежнасці мы выконваем больш патрыятычныя рэчы, дзеля Купалля - свой рэпертуар, а, напрыклад, у Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі усё зусім іншае. На кожны выпадак жыцця ў нас ёсць што-небудзь адпаведнае!..»
Большасць выступленняў раваніцкiх артыстаў - для землякоў, жыхароў Чэрвеньшчыны. За апошні час пабывалі ў клубах Новых Зелянкоў, Чарнаградзі, Чырвонага Дара. Вельмі добрая сувязь наладзілася і з суседзямі з Бярэзінскага раёна. «Мы пасябравалі з Новiнскiм сельскім домам культуры, - распавядае мастацкі кіраўнік калектыву Тамара Ладуцька. - Яны знакамітыя сваім калядным абрадам, які па-беларуску называецца «Каляду на дуба цягаць». Некалькі разоў мы выступалі ў іх, яны - у нас. Такі вось культурны абмен!»
А ў мінулую сераду «Крыніцы» далі канцэрт на адкрытай пляцоўцы Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу ў рамках праекта «Культурная серада». Гледачы ад душы пляскалі ў далоні. Асабліва ўсім спадабаліся гумарыстычныя вершы і сцэнкі. Гэта - «разыначка» раваніцкiх артыстаў. «Мы ўжо, шчыра сказаць, засумавалі без выступаў, без публікі, таму былі вельмі рады запрашэнню на «Культурную сераду» ў Чэрвень, - падзяліўся эмоцыямі Рыгор Ладуцька. - Бо даўно нікуды не ездзілі з-за гэтай заразы-кароны!.. Гледачы нас прынялі радасна. Цяпер мы пад прыемным уражаннем з новымі сіламі будзем паднаўляць праграму: наперадзе «Дажынкі», спадзяемся ў іх паўдзельнічаць!..»
Хоць калектыву ўжо шмат гадоў, і некаторыя артысты самі ўжо на пенсіі, як, напрыклад, сямейная пара Ладуцька і акампаніятар Надзея Сасункевіч, але заўсёды ёсць у «Крыніцах» і маладыя ўдзельнікі. Некалькі гадоў таму да ансамблю падключыўся фельчар сельскай бальніцы Уладзіслаў Ладуцька. Задае бадзёры тон настаўнік Раваніцкай школы Мікалай Талкачоў. Алена Сушкевіч працуе ў сельгаспрадпрыемстве «Раванічы», Таццяна Петрашкевіч - на Краснадарскім фельчарска-акушэрскім пункце, Іна Гамеза - загадчыца Краснадарскім клубам. Хоць кожны іх дзень загружаны працоўнымі і хатнімі клопатамі, але заўсёды знаходзіцца час на рэпетыцыі і выступленні.
Упершыню на Чэрвеньскім сцэну выйшла самая юная артыстка «Крыніц», Даша Ладуцька. Яна жыве ў Мінску, займаецца музыкай, грае на піяніна. Кожнае лета гасцюе ў бабулі з дзядулем у Раванічах, і вось дзед Грыша нарэшце зрабіў ёй прапанову, ад якога яна не змагла адмовіцца: паехаць выступаць у Чэрвень. У выніку задаволены ўсе: і новыя калегі па ансамблю, і гледачы, і дзядуля з бабуляй, а бацькам Дашы ў сталіцу ўжо адпраўлены фоткі, вось, маўляў - расце новая змена!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Андрэя ХУРСЕВІЧА

