Дыяна Мартыненка, вучаніца тэатральнага аддзялення, упершыню вырашыла выпрабаваць свае творчыя навыкі ў 1 Міжнародным конкурсе мастацтваў «Планета Музыкі» (г.Магілёў) і добра справілася з пастаўленай задачай. Абраны твор «Звычайны дзядок» прынёс Дыяне ўдачу. І не дзіва, бо ў ім раскрываецца глыбокае павага і пашана да чалавека, ветэрана вайны, якога мы часта не заўважаем ў штодзённым жыцці. Прафесійнае журы ацаніла яе выступ і ўзнагародзіла медалём і Дыпломам Лаўрэата 3 ступені.
Валерыя Баравік, наша пастаянная ўдзельніца і пераможца шматлікіх конкурсаў, не змагла прапусціць новы Міжнародны разнажанравыя конкурс «Letostar 2020» у г.Мінску. Яна выступала ў намінацыі «Тэатральная творчасць. Монаспектакль». Лера абрала прыгодніцкi твор «Вялікае падарожжа маленькага пінгвіна». І не пралічылася, стала Лаўрэатам конкурсу і ёй уручаны Дыплом ІІ ступені.

Журы ацэньвала артыстызм, музычнасць, выразнасць выканання, пастаноўку нумара і яго арыгінальнасць, выканальніцкае майстэрства і тэхніку сцэнічнай мовы, а таксама імідж маленькага артыста. Дзяўчынкі шмат працавалі над сабой, і гэтыя перамогі невыпадковыя. Юныя артысты прыходзяць на заняткі нават падчас канiкул. Iх прыцягвае дзіцячы тэатр, у якім раскрываюцца іх таленты.
Урокі ў тэатры спрыяюць развіццю індывідуальнасці. Удзельнічаючы ў спектаклях, дзеці капіруюць, пераймаюць, выказваюць сваю індывідуальнасць, вучацца зносінам. Тэатр развівае іх камунікабельнасць: яны адстойваюць свой пункт гледжання, навучаюцца аратарскаму майстэрству, асвойваюць з малых гадоў прафесію вядучых святаў. Навучанне дапамагае здабыць свабоду цела, сілу голасу, кантраляваць свае паводзіны і не губляцца, дапамагае выпрацаваць дакладную дыкцыю, трэніруе памяць, а таксама спрыяе эстэтычнаму выхаванню.
У аддзяленні ўводзіцца новая форма навучання гарманічнай асобы, паказ мод ў форме дэфіле, харэаграфічнай пастаноўкі ў стылі пазітыўнага настрою і яркай індывідуальнасці.
Мы запрашаем дзяцей ад 6 да 14 гадоў. Набор праходзіць да 1 верасня 2020 года ў дзіцячай школе мастацтваў альбо па тэл. (+37529) 2544639, педагог Вольга Вячаславаўна.
Вольга ШАЛАБНЁВА,
педагог тэатральнага аддзялення Чэрвенскай дзіцячай школы мастацтваў

