У ім разам з моладдзю з усёй рэспублікі ўдзельнічаў і прадстаўнік Чэрвеньшчыны.
Спартыўна-адукацыйны форум для працуючай моладзі «Алімпія-2020» праводзіўся ўжо ў пятнаццаты раз. На маляўнічым беразе Іслачы ў Валожынскім раёне сабраліся 600 маладых людзей з розных куткоў Беларусі. Яны аб'ядналіся ў 13 каманд. У іх ліку была і каманда праекта БРСМ «Маладзёжны цягнік «Беларусь. Моладзь. Натхненне».

Ад Чэрвеньскага раёна ў форуме ўдзельнічаў першы сакратар райкама БРСМ Павел КЛЫНДЗЮК.

Ён распавёў «Раеннаму весніку«, што «Алімпія» сабрала лепшых маладых прадстаўнікоў усіх сфер беларускага грамадства: «На мерапрыемстве былі хлопцы з Міністэрства адукацыі, МНС, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, каманда Беларускай чыгункі, прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый рэспублікі. Самай шматлікай аказалася каманда праекта «Маладзёжны цягнік «#Беларусь. Моладзь. Натхненне». Яны штогод падарожнічаюць па краіне, і трапіць у склад гэтага цягніка - вялікі гонар для кожнага, хто знаходзіцца ў БРСМ»

Праграма форуму аб'яднала тры напрамкі: спартыўны, творчы і адукацыйны. Ключавой падзеяй стаў адкрыты дыялог «Беларусь: учора, сёння, заўтра». Удзельнікі ў фармаце дыскусіі падзяліліся сваімі поглядамі і ідэямі адносна актуальных пытанняў і праблем, якія хвалююць маладое пакаленне.

Каманды ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па міні-футболе, валейболе, перацягванні каната, тэхніцы пешаходнага турызму. Асабліва падрыхтаваныя сплаўляліся па рацэ на байдарках. Былі арганізаваны інтэлектуальны турнір «Захоўваючы - прымнажаем» і дзелавая гульня «Азбука грамадзяніна!», працавалі тэматычныя адукацыйныя пляцоўкі, праводзіліся трэнінгі, майстар-класы і канцэрты. Жадаючыя маглі паўдзельнічаць у дваровых і настольных гульнях.

Так як форум праходзіў на прыродзе, то, як сапраўдныя турысты, удзельнікі прадстаўлялі журы візітоўку каманды, спаборнічалі ў конкурсе бівуакаў і кулінарных бітвах.

Знайшоўся час і для сумеснай выяўленчай творчасці — стварэння яркага і эфектнага пано: маладыя людзі акрылавымі фарбамі на даволі вялікай плошчы — 42 квадратных метра, — усе разам малявалі слоган «За Беларусь!», элементы беларускага флага і стылізаваную постаць сімвала нашай Беларусі - бусла.

Пятнаццатая «Алімпія» завяршылася традыцыйным маштабным open-air «#раЗАм Беларусь». Арганізавалі гэтае мерапрыемства БРСМ, Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму і Мінскі аблвыканкам.

Не паспелі ўдзельнікі раз'ехацца па сваіх гарадах, як у сацсетках пад пастамі пра форум сталі з'яўляцца каментары: «Алімпія», мы ўжо па табе скучаем!..«Значыць, праз год і хтосці з нашых зноў паедзе на наступную!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота з архіва Паўла КЛЫНДЗЮКА

