Гэтыя словы належаць нашай чытачцы, жыхарцы горада Чэрвеня Туміловіч Алене Юльянаўне. Гэтым летам аматарскае аб'яднанне «Журавiнка» і яго вечар карысных саветаў выязджае на дом.
Гаспадыня сустракае «карэспандэнта» гасцінна ў брамцы вялікай цаглянай хаты з зялёным плотам - праходзьце, госці дарагія.
«Я - чэрвеньская» - так кажа чытачка пра сябе. Нарадзілася ў в. Скрабiнка, каля Грабянца. Скончыла Мінскі педінстытут. Сустрэлася з мужам, выйшла замуж. Потым ён па кірунку паехаў у г. Пінск. І ўсё свядомае жыццё яны пражылі ў гэтым горадзе. А адзінаццаць гадоў таму прыехалі на сваю малую Радзіму. Тут магіла бацькоў Алены Юльянаўны.
Гаспадыня з задавальненнем паказвае нам свае ўладанні. Дом, у якім яна жыве, вельмі вялікі, вакол яго велізарны ўчастак. Ён падзелены на зоны: адпачынку, сада, агарода.
Ёсць у нашай чытачкі свой уласны Батанiчны сад з рэдкімі калекцыйнымі раслінамі. Шамоцячы ветрам у вострых лісцях, нам ківае юкка садовая, ярка ззяюць кветкамі пасконнiк пурпурны і кацямятка (кашачая мята), два віды герані садовай. Некалькі відаў бераскветаў і спірыт ўтульна ўладкаваліся ў садзе. Яркімі сонечнымі прамянямі ззяюць рознакаляровыя аксаміткі.
Не абыйшлося і без злакавых раслін: высокія сцеблы проса пруцевiднага і мiскантуса, зялёныя астраўкі асакі садовай.
Экзатычная іншаземка - вярба Хакура-Нiшыкi - паважна суседнічае з канадскай елкай Коніка, дзёрнам і біручынай каляровай. Усё разнастайнасць дапаўняе вялікая колькасць іглічных.
Сярод пладова-ягадных раслін у гэтым годзе багаццем ўраджаю парадавалі клубніцы, буякі і яблыкі. Гаспадыня шчодра прапануе паспрабаваць наліўныя плады.
Наша чытачка радуецца добраму ўраджаю памідор, агуркоў і лука. Без нарыхтовак у гэтым годзе не застанецца.
Радуе вока, сэрца і душу зона адпачынку ў садзе з арэлямі, задуменнай варонай, садовымі фігурамі. Прысеўшы на арэлі гаспадыня дзеліцца сакрэтамі свайго паспяховага садаводства.
Можна бясконца і з задавальненнем разглядаць кожнага «жыхара» гэтага выдатнага саду, але мне пара. Алена Юльянаўна выпраўляе «карэспандэнта» і махае на развітанне. Яна сама - лепшае ўпрыгожванне гэтага ўчастка - добры, адкрыты, душэўны і гасцінны чалавек.
Святлана Ждановіч,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі
ДУК «Чэрвеньскага цэнтральная раённая бібліятэка»
Фота аўтара

