Аднак насамрэч праблема COVID-19 нікуды не падзелася. Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам “Раённага весніка” распавёў галоўны санітарны ўрач Чэрвеньскага раёна Аляксандр БУТЭНКА.
– Аляксандр Мікалаевіч, апошнім часам у Беларусі акрэслілася тэндэнцыя да павелічэння выпадкаў захворвання на COVID-19. А якая сітуацыя ў нашым раёне?
– Гэта насамрэч так. І Чэрвеньскі раён не з’яўляецца выключэннем. Рост колькасці выпадкаў каранавіруснай інфекцыі ў нас адбыўся дзесьці тры-чатыры тыдні таму. Але гэта не рэзкая хваля захваральнасці, а нязначнае павелічэнне, прыкладна на 5-6 працэнтаў.
Варта зазначыць, што праблема COVID-19 не губляе актуальнасці. Выпадкі, якія рэгіструюцца зараз у раёне, пераважна звязаныя з удзелам у сямейных мерапрыемствах. Гэта вяселлі, пахаванні.
– Як вызначылі?
– Нашы спецыялісты даследуюць кожны выпадак каранавіруснай інфекцыі. Мы звязваемся па тэлефоне з пацыентам, якому выстаўлены адпаведны дыягназ і намагаемся высветліць абставіны, пры якіх адбылося інфіцыраванне. Калі браць апошні тыдзень, то амаль у палове выпадкаў хвароба працякае бессімптомна.
Разгледзім такі прыклад. Сям’я пяць чалавек (маці, бацька і трое дзяцей) паехалі на вяселле ў суседнюю вобласць. Праз тыдзень пасля вяртання маці адчула сябе дрэнна: павысілася тэмпература, знікла пачуццё паху. Тэст на каранавірус даў станоўчы вынік. Пасля гэтага абследавалі бацьку і дзяцей, у якіх сімптомаў хваробы не было.
Трэба разумець, што ад гэтай сям’і пайшлі прамяні інфекцыі ў калектывы па месцы працы дарослых, да суседзяў, куды яны зайшлі на гарбату. Так і фарміруецца агульны рост захваральнасці, які мы апошнім часам маем.
– Тое, што згаданая сям’я прывезла інфекцыю з суседняй вобласці – тэндэнцыя ці простае супадзенне?
– Хутчэй за ўсё, супадзенне. Прынамсі, нельга сказаць, што ў нашым раёне няма крыніц інфекцыі.
– Якія захады робіць санэпідслужба ў цяперашняй сітуацыі з COVID-19?
– Захады па абмежаванню распаўсюджвання інфекцыі засталіся ранейшымі. Найперш, гэта праца з тымі людзьмі, у якіх пацвердзіўся дыягназ, выяўленне кола кантактных асоб, своечасовая перадача адпаведнай інфармацыі калегам з медыцынскіх устаноў, а таксама – у РАУС для наладжвання кантролю за самаізаляцыяй хворых.
– Увогуле, на сёння ўзровень захваральнасці на COVID-19 у нашым раёне ніжэйшы, чым быў увесну?
– Так, у параўнанні, напрыклад, з красавіком-маем ён ніжэйшы.
– А які сацыяльны партрэт хворага на каранавірус?
– Гэта жанчына, узростам 50-60 гадоў, працоўная, пераважна жыхар гарадской мясцовасці. Зразумела, гэта не азначае, што ўсе мужчыны і ўсе беспрацоўныя не хварэюць. Гэта сярэдні партрэт. Ён складзены шляхам аналізу звестак пра захварэлых, які санэпідслужба робіць штотыдзень.
– Зараз пакрысе для беларусаў адкрываюцца замежныя курорты, тая ж Турцыя, і людзі едуць на адпачынак. Ці прывозяць інфекцыю адтуль?
– Не магу дакладна сказаць, колькі людзей ездзіць на адпачынак за мяжу з нашага раёна. Але такіх выпадкаў у нас пакуль што не рэгістравалася.
– А як прайшла ў эпідэмічным плане летняя дзіцячая аздараўленчая кампанія ў раёне?
– Яна прайшла спакойна. Ні выпадкаў каранавіруснай інфекцыі, ні кантактаў першага ўзроўню сярод адпачываючых не было ўвогуле. Лічу, што ўстановы, якія арганізоўвалі аздараўленне, сумесна з санэпідслужбай і медыкамі спрацавалі добра.
– Неўзабаве пачнецца новы навучальны год. Дзеці пойдуць у школу, студэнты з Чэрвеня і раёна паедуць на вучобу ў вялікія гарады, а па выхадных будуць вяртацца дахаты. Ці ёсць тут рызыка, што сітуацыя з каранавірусам абвострыцца?
– Рызыка ёсць заўсёды. Каб знізіць яе, распрацаваны сумесныя метадычныя рэкамендацыі Міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя.
– Калі раней шмат хто засцерагаўся ад каранавіруса з дапамогай ахоўных масак, то зараз іх носяць адзінкі. Што думаеце наконт гэтага?
– На мой погляд, гэта найперш пытанне псіхалагічнага плану. Не можа чалавек пастаянна жыць у страху. Людзі стаміліся. Плюс – лета, гарачыня… Тым не менш, настойліва рэкамендую ўсім выкарыстоўваць маскі ў месцах масавага знаходжання. Не думаю, што дзясятак хвілін у масцы прычыніць вялікі дыскамфорт. Затое такім чынам вы, магчыма, абароніце ад інфекцыі не толькі сябе, але і навакольных.
– Надыходзіць восень. Зараз шмат размоў пра тое, што можа надарыцца другая хваля COVID-19…
– Я не лічу сябе такім адмысловым спецыялістам, каб прадказаць, будзе гэтая хваля ці не будзе. Канешне, медыкі рыхтуюцца да найгоршага сцэнарыю. Хочацца спадзявацца, што ўзровень захваральнасці застанецца цяперашнім. У любым выпадку, у нас назапашаны пэўны досвед барацьбы з распаўсюджваннем каранавірусу, распрацаваны дакладны алгарытм дзеянняў. Адным словам, мы ведаем, што рабіць.
Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ

