Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

01 Верасень 2020

Шасціснопы пацярпелі ад урагану

Знесеныя дахі, разбураныя гаспадарчыя пабудовы, паваленыя і паламаныя дрэвы, пашкоджаныя лініі электраперадач – такі вынік уладарання ўрагану, што абрынуўся ў нядзелю на вёску Шасціснопы.

Пры ўездзе ў паселішча пра трагедыю, што здарылася тут, нічога не нагадвае. Але ўжо ў сярэдзіне вуліцы Калінінскай адкрываецца жахлівая панарама разбурэнняў. Пры гэтым відно, што віхура ішла па дыяганалі, захапіўшы яшчэ і Другі завулак Калініна. Тут моцна пацярпеў дом нумар адзін, дзе з вясны да восені жыве Яніна Антонаўна Камейка. Вецер знёс дах хаты, а цэгла з разбуранага коміна прабіла столь.

– Прыехалі забраць маму да сябе, – распавядае дачка Яніны Антонаўны Алена. – Яна ў вялікай роспачы, ноч не спала, увесь час плача. Жыць у доме немагчыма, ад саду практычна нічога не засталося. Сіла ветру была такой, што са скрынкі выкінула і адарвала ад шлангу газавы балон…

– Усё адбылося літаральна за паўхвіліны, – узгадвае другая дачка гаспадыні сядзібы Ірына, якая ў нядзелю разам з мужам і дзецьмі гасцявала ў маці. – Мы ледзь ускочылі ў хату, дзверы немагчыма было ні адчыніць, ні зачыніць. Ужо праз вакно ўбачыла, як па двару лётае шыфер. Паламаныя лісты ўваткнуліся ў зямлю ў некалькіх сантыметрах ад нашай машыны. Добра, што ўсе засталіся ў прыбудове, не пайшлі ў прыхожую, дзе абрынулася столь…

На суседнім падворку ўраган таксама нарабіў бяды: паразбівала шыбы ў вокнах хаты, пашкодзіла абабітыя сайдынгам сцены, раскрыла дах на доме і гаспадарчых пабудовах, зруйнавала зладжаную з блокаў лазню, паламала плот, пакрышыла цяпліцу, знішчыла пладовыя дрэвы.

Дзевяностагадовая гаспадыня гэтага падворка літаральна тры тыдні таму адышла ў іншы свет.

– Мама яшчэ паспела парадавацца, як мы добраўпарадкавалі сядзібу, – гаворыць яе дачка Наталля Купрыянава. – А гэтага ўсяго яна мабыць, не перажыла б…

Наталля частуе мяне духмянымі сакавітымі грушамі з дрэва, якое не пашкадаваў ураган.

– Яго знявечыла так, што нават няма чаго ўзяць, каб прывіць, – кажа яна. – Атрымліваецца, што больш не будзе маміных ігруш…  

Паводле папярэдніх звестак раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, стыхія прынесла разбурэнні на 15 падворкаў у Шасціснопах. Учора ратавальнікі ацэньвалі памеры страт. Таксама з мясцовымі жыхарамі сустрэліся выконваючая абавязкі старшыні Смілавіцкага сельвыканкама Ірына Марціновіч і дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Чэрвеньскаму раёну Анатоль Ульянаў. Яны распавялі людзям аб парадку аказання дапамогі і страхавых выплат.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць