Павіншаваць навучэнцаў з Днём ведаў на ўрачыстую лінейку сюды прыехалі старшыня сельвыканкама Васіль Сурага, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Сцяжко, настаяцель Свята-Мікольскай царквы айцец Аляксандр, прадстаўнікі РАУС, РАНС і двух шэфскіх гаспадарак - ААТ «10 з'езд Саветаў» і ЗАТ«Турэц».
Госці парадавалі школу падарункамі, у ліку якіх - кампутар ад арганiзацый-«шэфаў». Акрамя таго, першакласнікам ўручылі традыцыйны падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Аляксандра Лукашэнкі - кнігу «Беларусь - наша Радзіма».
Дырэктар установы Антаніна Даўгалевец прадставіла класных кіраўнікоў. Першай настаўніцай для хлопчыкаў і дзяўчынак, толькі пераступіўшых школьны парог, стала Марыя Лаўцэвіч.
Дзевяцікласнік Раман Патыла і першакласніца Дар'я Шаруба далі першы званок, і ўсе вучні разышліся па сваіх класах - для 88 вучняў базавай школы ў Турцы пачаўся новы навучальны год. Для 9 хлопцаў ён стане вызначальным у выбары прафесійнага шляху.
- У маёй практыцы не адзінкавыя выпадкі, калі нашы выпускнікі звязвалі свой лёс з педагагічнай дзейнасцю, - адзначае Антаніна Даўгалевец. - Пры прафарыентацыйнай рабоце галоўнае, каб кожны знайшоў для сябе тую прафесію, якая бліжэй да яго душы і сэрца.
Аднак не вучобай адной жывуць школьнікі і педагогі ў Турцы - яны ўжо заявілі пра сябе ў такіх спартыўных дысцыплінах, як кулявая стральба і скалалажанне, і працягваюць папаўняць калекцыю ўзнагарод. У спаборніцтвах рознага ўзроўню «золата» ў скарбонку традыцыйна прыносяць стралкі - іх каманду трэніруе настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Кірыльчык.

