У пачатку сустрэчы, якая праходзіла на стадыёне пасёлка Чысць, ініцыятывай валодалі гаспадары поля. Аднак бліжэй да сярэдзіны першага тайма «Колас» выраўняў гульню і на 27-й хвіліне адкрыў лік. Галкіпер чэрвеньцаў Арцём Аўраменка выбіў мяч ад сваіх варот дакладна на Аляксандра Мрынскага, наш гуляючы трэнер па леваму флангу ўварваўся ў штрафную пляцоўку «ДЮСШ-4», дзе быў спынены недазволеным прыёмам. Ён жа і рэалізаваў адзінаццацімятровы.

У другім тайме «Колас» забіў яшчэ два мячы. Абодва – на рахунку Аляксандра Мрынскага. На 52-й хвіліне перадачай з глыбіні поля яго вывеў сам насам з галкіперам маладзечанцаў Аляксей Ганчарык, а на 81-й выдатны пас Аляксандру аддаў Яраслаў Шкурко.

Гаспадары поля адквіталі адзін мяч з пенальці незадоўга да фінальнага свістка. Такім чынам, «Колас» перамог з лікам 3:1. А хет-трык Аляксандра Мрынскага дазволіў яму з 17 мячамі аднаасобна захапіць лідарства ў спісе бамбардзіраў чэмпіянату.

Чэрвеньцы правялі сустрэчу з «ДЮСШ-4» у наступным саставе: Арцём Аўраменка, Юрый Весялоў, Максім Гумінскі, Аляксандр Данилік, Анатоль Шафераў, Павел Клімовіч, Аляксей Ганчарык, Аляксандр Качаргін, Андрэй Півульскі, Яраслаў Шкурко, Аляксандр Мрынскі. На замену выходзілі Ілья Купровіч і Ягор Філічонак.
Астатнія матчы тура прынеслі наступныя вынікі: у групе «А» бярэзінскі ФАЦ «Лазурны» на сваім полі перамог «Фалько» з Дзяржынскага раёна – 2:1, барысаўская «Гайна» ў гасцях разграміла вілейскую «Вілію» – 4:0, а «Вікторыя» з Мар’інай Горкі дома адолела «Крупкі-ДРБУ-164» з лікам 4:3.
Матчы групы «Б»: «Любань» – «Нясвіж» – 5:0, «Узда» – «Будаўнік» (Капыль) – 2:2, «Партызан» (Салігорск) – «Лівадыя» (Дзяржынск) – 3:0, «Клецк» – «Старыя Дарогі» – 6:1.
Пасля 14 тураў «Колас» з 25 ачкамі займае другое месца ў групе «А». У лідара – барысаўскай «Гайны» – на тры ачкі больш, але чэрвеньцы маюць гульню ў запасе.
У бліжэйшыя выхадныя нашы футбалісты згуляюць на сваім полі з камандай «Фалько» (Дзяржынскі раён).

