Выхаванкі трэнера Максіма Шалабнёва перад заключным турам групавога турніру займаюць першае месца ў дывізіёне “Рагнедка”.
У перадапошнім туры, які прайшоў мінулымі выхаднымі ў Чэрвені, яны з аднолькавым лікам 1:0 адолелі равесніц з Мар’інай Горкі і Жодзіна. У сустрэчы з жодзінскімі дзяўчатамі вызначылася капітан нашай каманды Дар’я Ермаковіч, а перамога над футбалісткамі Мар’інай Горкі была дасягнута, дзякуючы аўтаголу саперніц.
Зараз у каманды Чэрвеньскай СДЮШАР 16 ачкоў. Столькі ж – у футбалістак Маладзечна, але нашы дзяўчаты апярэджваюць іх за кошт перамогі ў асабістай сустрэчы. У каманды Жодзіна – 15 ачкоў, у каманды Мар’інай Горкі – 5.
Такім чынам, лёс адзінай пуцёўкі ў фінал спаборніцтваў, куды выйдуць пераможцы групавых турніраў у дзевяці дывізіёнах, вырашыцца ў апошнім туры. Паводле раскладу, нашы дзяўчаты згуляюць заключныя матчы з камандамі Мар’інай Горкі і Маладзечна. Дата і месца правядзення апошняга тура стануць вядомымі пазней.

