Гэта вельмі гасцінная, ветлая жанчына. У свае немалыя гады яна вельмі таварыская, актыўная і рухомая. Стройнага целаскладу, прывыкшая добрасумленна, у поўную сілу працаваць, яна і цяпер не дае сабе паблажкі, махнуўшы рукой на салідны ўзрост. Таццяна Раманаўна самастойна ўскапала вясной агарод, пасадзіла гародніну, бульбу на вялікім участку, а ўвосень пад рыдлёўку! выкапала ўраджай, сабрала гародніну. Пляменніца дапамагла перапрацаваць агуркі, памідоры, кабачкі, зрабіць нарыхтоўкі на зіму. Таццяна Раманаўна цікавіцца жыццём вёскі, раёна, любіць пачытаць «раёнку». Часта заходзіць у сельсавет, каб даведацца пра навіны аднавяскоўцаў, парадавацца добрым падзеям, панаракаць людзям у цяжкай сітуацыі або даць слушную параду. Жыццё гэтай выдатнай жанчыны было поўным і радасных, і горкіх падзей.
Нарадзілася яна ў 1925 году вёсцы Чарнова. Дзяцей у сям'і было пяцёра: чатыры брата і Таццяна. На час пачатку вайны старэйшы брат Рыгор скончыў палітэхнікум, яму было 22 гады. 4 красавіка 1944 году ў Чэрвені паліцаі яго расстралялі за сувязь з партызанамі. Пра гэта Тані распавялі ўжо пасля вайны бацькі, таму што дзяўчына 23 сакавіка 1943 г. была гвалтоўна вывезена ў Германію на прымусовыя работы. Падчас акупацыі Чэрвеньскага раёна шмат жыхароў было сагнана ў Германiю. Бралі спачатку моцных дарослых мужчын і жанчын, але потым ужо не грэбавалі маладымі дзяўчатамі і падлеткамі. Семнаццаць дзяўчын з Чарнова разам з Таццянай забралі з роднага дома вясной 1943-га. Загрузілі ў таварныя вагоны, зачынілі наглуха, павезлі далёка ад радзімы. Прывезлі ў Баварыю. Там на плошчы аднаго з гарадоў выбіралі гаспадары сабе рабоў. Хто багацей (за кожнага работніка, трэба было заплаціць), забіралі сабе моцных. Таццяна ж у свае семнаццаць гадоў, выглядала на чатырнаццаць, бо ў ваенныя гады ўсё мірнае насельніцтва на акупаванай тэрыторыі галадала.

У выніку трапіла яна да фермера ў паселішча Гетхайм на сельскагаспадарчыя работы. Працаваць прымушалі шмат і цяжка. Часта і аплявухі атрымлівала дзяўчына, пакуль не вывучыла на нямецкай назвы сваіх абавязкаў. Прыгнятала няведанне пра тое, што адбываецца на фронце, пра лёс родных. Толькі, калі Баварыю сталі бамбіць, зразумела, што канец прыйшоў фашыстам. 14 красавіка 1945 года Таццяну разам з іншымі вызвалілі і адправілі на Радзіму. Шаснаццаць дзяўчын, аднагодак Тані вярнуліся дадому, толькі адна памерла ад тыфу яшчэ па дарозе ў палон. З усіх малалетніх вязняў таго часу, у жывых сёння засталася адна Таццяна.
Пасля вайны, як і ўсе аднавяскоўцы, Таццяна пайшла працаваць у арганізаваную ў Чарнова гаспадарку - калгас імя Карла Маркса, які ў 1957 годзе быў рэарганізаваны ў саўгас імя Мічурына. Кіраўніцтва заўважыла цямлівую дзяўчыну, яе ўменне лёгка і хутка вырабляць матэматычныя вылічэнні. Прызначылі Таццяну рахаўніком-падлікоўцам, потым адправілі здольную дзяўчыну на курсы і з 1967 года Таццяна Раманаўна працавала бухгалтарам, у 1972 годзе назначана намеснікам галоўнага бухгалтара - пасада ў гаспадарцы паважаная і вельмі адказная. Саўгас імя Мічурына ў тыя гады славіўся не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Атрымлівалі добрыя ўраджаі гародніны, збожжавых, бульбы, раслі надоі і прывагі буйной рагатай жывёлы і свіней. Ад граматнай, кампетэнтнай працы спецыялістаў залежала многае. Таццяна Раманаўна неаднаразова заахвочвалася Граматамі і Дыпломамі, узнагароджана медалём «Ветэран Працы», юбілейнымі медалямі.

Працоўны стаж складае 40 гадоў і 11 месяцаў. Так склалася жыццё, што замуж Таццяна Раманаўна не выйшла, але яе падтрымліваюць і апякуюць шматлікія пляменнікі, дапамагаюць з рамонтам, тэлефануюць і наведваюць любімую цётку.
У дзень нараджэння з віншаваннямі і падарункамі да Таццяны Раманаўны прыйшлі старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Фёдаравіч Ладуцька і кіраўнік спраў Руднянскага сельвыканкама Таццяна Уладзіміраўна Сарока. Яны пажадалі ёй здароўя, даўгалецця, бадзёрасці і актыўнасці.
Раённая газета далучаецца да віншаванняў, адрасаваных даўняй нашай чытачцы. Разам сустрэнем ваш стогадовы юбілей.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

