Назапашана больш за 88 тысяч тон кукурузнага сіласу. Гэта 68,3 працэнта ад неабходнага.
Найлепшую забяспечанасць сіласам з кукурузы маюць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Чэрвеньскі райаграсервіс”. Тут ужо назапасілі яго больш за 90 працэнтаў ад неабходнай колькасці.
Палову планавых плошчаў кукурузы на сілас і зялёны корм убралі ў ААТ «10 з’езд Саветаў». Гэтымі днямі кормаўборачны атрад шчыруе тут ў полі дацямна.
– Надвор’е не радуе, – уздыхае галоўны аграном ААТ “10 з’езд Саветаў” Наталля Лепеш. – Ідуць дажджы, а ў нас – шмат кукурузы на нізінных палетках. Вось і спяшаемся ў першую чаргу ўбраць іх, бо потым па пераўвільготненай глебе тэхніка зусім не пойдзе. Ужо зараз даводзіцца на адвозцы масы ад кормаўборачных комплексаў адмовіцца ад цяжкіх “МАЗаў”, а выкарыстоўваць больш лёгкія трактары.

На сёння мы ўжо нарыхтавалі з кукурузы больш за восем тысяч тон сіласу. Але гэта – толькі 60 працэнтаў неабходнага аб’ёму. Так што наперадзе яшчэ шмат працы.

Паводле слоў Наталлі Лепеш, асаблівай увішнасцю вызначаюцца на корманарыхтоўцы браты-двайняты Арцём і Артур Юшко. Артур з ранку да змяркання – за штурвалам кормаўборачнага комплексу, а Арцём – побач, адводзіць кукурузную масу на трактары з прычэпам у сіласную траншэю.

