Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
03 Снежань 2020

3 снежня - міжнародны дзень інвалідаў. Безбар'ернае асяроддзе ў Чэрвені

Многія з нас у паўсядзённым жыцці рана ці позна становяцца маламабільнымі.

Калыска з дзіцём, цяжкі чамадан, ровар пры транспартоўцы - з гэтым сутыкаецца значная колькасць насельніцтва.

Што ж казаць аб пажылых і людзях з абмежаванымі магчымасцямі. Для гэтай праблемы няма пэўнай катэгорыі грамадзян.

У сучасным грамадстве, у якім павінны існаваць роўныя магчымасці для ўсіх карыстальнікаў, найважнейшымі паказчыкамі якасці з'яўляецца камфортнасць жыццядзейнасці. Таму стварэнне безбар'ернага асяроддзя — адзiн з базавых кірункаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы.

- Упершыню тэрмін «безбар'ернае асяроддзе» быў згаданы ў беларускім заканадаўстве ў канцы 1991 года ў законе Аб сацыяльнай абароне інвалідаў — адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Калтовіч. – Але, каб перайсці да рэальных дзеянняў, трэба час, за якi павінна пераламацца свядомасць грамадства — людзей не ў калясцы, а ўсіх тых, ад каго залежыць стварэнне безбар'ернага асяроддзя.

Паступова мяняліся нормы будаўніцтва, з'яўляліся першыя элементы безбар'ернага асяроддзя. Але часам гэта былі стромкія пандусы, па якіх і здароваму чалавеку спусціцца можа быць небяспечна для жыцця. Пераломным этапам можна назваць 2000-я гады, калі аб неабходнасці стварэння асяроддзя, адаптаванага для ўсіх, адкрыта загаварылі на розных узроўнях і пачалі замацоўваць пытанні заканадаўча.

У нашай рэспубліцы зацверджана Дзяржаўная праграма аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады. Зыходзячы з названых прыярытэтаў, мэтай Дзяржаўнай праграмы з'яўляецца, у тым ліку і стварэнне безбар'ернага асяроддзя жыццядзейнасці, забеспячэнне сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў і пажылых грамадзян.

Дасягненне пастаўленай мэты ажыццяўляецца шляхам рашэння задач і рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў у рамках падпраграмы «Безбар'ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб». Фінансаванне мерапрыемстваў па выкананні рэгіянальнай праграмы ажыццяўляецца са сродкаў раённага бюджэту і ўласных сродкаў арганізацый-выканаўцаў. Праводзімая праца па выкананні мерапрыемстваў дазваляе павялічыць удзельную вагу будынкаў гандлёвага, бытавога абслугоўвання, аховы здароўя, адукацыі, сувязі і іншых аб'ектаў, прыстасаваных для наведвання іх фізічна аслабленымі асобамі.

Па словах Алены Калтовіч колькасць інвалідаў у Чэрвеньскім раёне штогод павялічваецца. У цяперашні час грамадзян дадзенай катэгорыі пражывае 2647 чалавек, а гэта 8 адсоткаў усяго насельніцтва. Перасоўваюцца на калясках 142 чалавека і 114 – інваліды па зроку.

На працягу пяці гадоў у рамках падпраграмы ў раёне зроблена нямала. Так, элементамі безбар'ернага асяроддзя ўладкаваны 9 адміністрацыйных будынкаў раённага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, 38 аб'ектаў устаноў адукацыі, 24 — аховы здароўя, 30 – культуры, 1 – фізічнай культуры і спорту, 249 – гандлю і грамадскага харчавання, 3 – бытавога абслугоўвання, аўтавакзал, аб'екты паштовай сувязі, аддзяленні Белаграпрамбанка, Беларусбанка, гасцініца ў г.Чэрвені, адміністрацыйныя будынкі, у тым ліку тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ЗАГСА і раённага краязнаўчага музея. З улікам патрабаванняў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя уладкаваны месцы адпачынку, усталяваны святлафор з гукавым сігналам у г. Чэрвені (для інвалідаў па зроку). Для перавозкі пасажыраў на гарадскіх маршрутах набыты 2 нізкападлогавых аўтобуса, абсталяваны прыпынкi грамадскага транспарту. У Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы маецца фонд агучанай літаратуры для інвалідаў па зроку, які штогод папаўняецца. На сённяшні дзень у ім ёсць 1 800 асобнікаў аўдыёкасет і літаратуры, выкананай шрыфтам Брайля. Чытачамі з'яўляюцца 54 інваліда па зроку.

Акрамя таго, у перыяд падрыхтоўкі горада да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020» пасля рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў павялічылася колькасць аб'ектаў, у якіх былі ўсталяваны пандусы і поручні.

Добраўпарадкаванне вуліц таксама ажыццяўлялася са стварэннем умоў для бесперашкоднага перамяшчэння фізічна аслабленых асоб - праведзены работы па будаўніцтве і рэканструкцыі вулічна–дарожнай сеткі горада з выкарыстаннем тактыльнай тратуарных пліт. Паводле інфармацыі намесніка дырэктара ЖКГ па жыллёвым фондзе Антона Чычко, у г. Чэрвені і г.п. Смілавічы выраблена добраўпарадкаванне тратуарных дарожак. Выкладзена 8184 метра квадратных тратуарнай пліткі. Устаноўлена 3 678 метраў пагонных дарожнага і 5668 тратуарнага барта, у тым ліку з прыніжэннем вышыні бардзюра ў месцах перасячэння вуліц. Праведзена кладка асфальтавага пакрыцця агульнай колькасцю 46 499 квадратных метраў, што таксама спрыяе развіццю безбар'ернага асяроддзя.

Разам з тым, праблемным застаецца пытанне забеспячэння бесперашкоднага доступу інвалідаў да жылых памяшканняў. У першую чаргу, гэта тычыцца інвалідаў-калясачнікаў, 42 з якіх жывуць у шматпавярховых дамах і 12 з іх – вышэй першага паверха. Далёка не ва ўсіх жылых дамах маецца магчымасць устаноўкі пандусаў ў сувязі з іх канструктыўнымі асаблівасцямі. Выхадам з сітуацыі з'яўляецца ўстаноўка пад'ёмнікаў. Ужо ёсць станоўчыя зрухі ў вырашэнні гэтага пытання. У прыватнасці, у доме №104 па вуліцы Барыкіна ва ўсіх трох пад'ездах абсталяваны пандус з аўтаматычным пад'ёмнікам. Таксама запланаваны і будуць устаноўлены элементы безбар'ернага асяроддзя ў будуемых дамах.

Праблем у гэтым пытанні, вядома, яшчэ нямала. І вырашаюцца яны не так хутка, як хацелася б.

У цяперашні час застаецца адкрытым пытанне па стварэнні ў гасцініцы нумару, адаптаванага для патрэб інвалідаў. Па словах начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па тэхнічных прычынах абсталяваць яго элементамі безбар'ернага асяроддзя на сённяшні дзень не ўяўляецца магчымым. Разам з тым, у раёне маецца прыватная гасцініца, якая з'яўляецца часткай комплексу прыдарожнага сэрвісу ПГУП «Верасок Эліт», адзін з нумароў якой забяспечаны ўсімі неабходнымі ўмовамі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Інклюзіўны падыход для аказання якаснай дапамогі запатрабаваў стварэнне безбар'ернага асяроддзя для ўсіх катэгорый інвалідаў на ўсіх аб'ектах тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як праінфармавала яго дырэктар Людміла Шаркова, цэнтральныя ўваходы да ўсіх будынкаў цэнтра абсталяваны пандусамі і поручнямі; на іх тэрыторыі выкладзена разам з тратуарнай пліткай тактыльная жоўтага колеру; ёсць аўтастаянкі для спецаўтамабіляў інвалідаў; на ўваходах у будынкі сацыяльнага абслугоўвання цэнтра ўстаноўлены «кнопкі выкліку» дзяжурнага работніка; адміністрацыйныя шыльды дапоўнены тактыльнымі таблічкамі, выкананымі шрыфтам Брайля; уваходныя групы пазначаны кантраснай маркіроўкай для слабавідушчых. У планах на 2021 год - уладкаваць маўленчымі інфарматарамі ўсе названыя падраздзяленні цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Безумоўна, вынікі дзеяння Праграмы ў апошні час бачны кожнаму.

Элементы безбар'ернага асяроддзя звяртаюць на сябе ўвагу ў новых будынках, у крамах, аптэках, на іншых аб'ектах. І ўсё ж, нягледзячы на праведзеную працу – трэба будзе яшчэ больш.

У 2021 годзе ўступае ў дзеянне дзяржаўная праграма «Сацыяльная абарона» на 2021-2025 гады». І праца па стварэнні безбар'ернага асяроддзя ў раёне будзе працягнута.

Асноўная яе мэта - зрабіць навакольны свет камфортным і прыстасаваным для ўсіх людзей. І, магчыма, праз некаторы час пандусы, ліфты і тактыльная плітка стануць звыклым атрыбутам кожнага будынка.

Галіна Гамеза. Фота аўтара

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць