Але цяпер у многіх гандлёвых кропках Чэрвеня пажадаўшых выпіць «гарэлкі» сустракае вавёрачку... яшчэ да ўжывання спіртнога.
Курэнне ў нецвярозым выглядзе — асноўная прычына гібелі людзей на пажарах. Але, магчыма, не многія з прыхільнікаў «зялёнага змея» чытаюць прапагандысцкую інфармацыю ад МНС на сайтах ці ў газеце. Таму чэрвеньскія ратавальнікі пачалі дзейнічаць па прынцыпе «калі гара не ідзе да Магамета»: падчас інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніі «Не чакай вавёрачку – тушы недакурак!»яны размяшчаюць сваю наглядную агітацыю на вуліцах, у аўтобусах, у кінатэатрах і... у крамах, а менавіта - у аддзелах з алкаголем.

Вось як пракаментавала гэтыя дзеянні інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Чэрвеньскага РАНС Алена Немагай:
- Наша мэтавая аўдыторыя - людзі, якія грэбуюць правіламі бяспекі і злоўжываюць алкаголем. Яны ўпэўнены, што непатушаная цыгарэта гэта дробязь, не здольная прывесці да трагедыі. Але статыстыка сцвярджае адваротнае: у нашым раёне ў гэтым годзе большасць гібеляў на пажарах адбылося як раз з таго, што пацярпелыя п'янымі палілі ў ложку і не патушылі недакурак. Мы вырашылі, што эфектыўна і даходліва будзе размясціць інфармацыю прама на таварах, так паважаных аматарамі выпіць. Гэта значыць - на бутэльках.

Так і з'явіліся на прылаўках крам нек-хенгеры — этыкеткі або цэтлікі на горлышках бутэлек, — у выглядзе яркай рудой вавёркі, папераджаючай пра тое, як небяспечна паліць у ложку і не тушыць недакуркі.

На паштовых скрынях жылых дамоў таксама з'явілася пацешная вавёрачка-хенгер. Дастаткова злёгку пацягнуць за яе, каб атрымаць слушную параду: «Непатушаны недакурак можа стаць прычынай пажару». Ратавальнікі ўпэўнены, што з дапамогай такога неардынарнага метаду павысіцца ўвага грамадства да праблемы «п'янага» курэння ў ложку.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Алены Немагай

