Дзетак, якія жывуць у раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры, ваенкам Дзмітрый Сініцкі наведвае ўжо не першы раз. Ён прывозіў сюды падарункі напярэдадні леташняга свята. Таму цяперашні прыезд незвычайнага, ваеннага, пасланніка Дзеда Мароза, стаў ужо традыцыйным.
Афіцэры і грамадзянскія работнікі ваенкамата сабралі грошы і купілі прысмакі, цукеркі, цацкі, канцылярскія і школьныя прыналежнасці. Функцыю Дзеда Мароза выканаў ваенны камісар: узяўшы з сабой, як і належыць, Снягурку, ён наведаў дзіцячую сацыяльную ўстанову, якая знаходзіцца ў Смілавічах, і ўручыў падарункі тром дзеткам, якія цяпер там знаходзяцца. З абавязкамі памочніцы-Снягуркі выдатна справілася дачка Дзмітрыя Мікалаевіча, якая з задавальненнем згадзілася на прапанову паехаць да дзетак, якія ў гэты перыяд засталіся без мамы і таты, і падарыць ім хай невялікае, але цёплае і запамінальнае свята і добры настрой. Зараз дзетак у сацыяльна-педагагічным цэнтры ўсяго трое, значна менш, чым год таму. Значыць, у большасці жыццё наладзілася. Хай жа ў тых, хто пакуль яшчэ працягвае чакаць свайго персанальнага цуда, у новым годзе ўсё будзе добра!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Сяргея КАСЦЯНЕВІЧА

