Прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, структурных падраздзяленняў выканаўчай улады пастараліся ахапіць сваёй увагай дзяцей рознага, у сілу існуючых абставінаў, сацыяльнага становішча.
31 снежня старшыня Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта Віталь Казлоў разам з начальнікам упраўлення адукацыі, спорту і турызму Ірынай Змачынскай пабываў у дзіцячым доме сямейнага тыпу Чэрвеньскага раёна, які знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Смілавічы. Віталь Мікалаевіч уручыў хлопцам салодкія падарункі і пагутарыў з імі і іх выхавацелямі Марынай Аляксандраўнай і Віталём Віктаравічам Гарнастай аб жыццёвых справах сямейнага дома. Ён уважліва выслухаў падрабязнасці жыцця хлопцаў, навіны аб іх дасягненнях.

Таксама кіраўнік раёна пацікавіўся праблемамі, якія, магчыма, узніклі ў апошні час і патрабуюць вырашэння.

Чакаючы прыезду старшыні райвыканкама, выхаванцы Максім і Віка падрыхтавалі невялікі сямейны канцэрт. Максім выканаў музычную замалёўку на піяніна, а Віка зграла на дамбры.

Усяго за восем гадоў працы сямейнага дома ў Чэрвеньскім раёне сацыяльную і душэўную адаптацыю тут прайшлі 18 дзяцей рознага ўзросту, пражыўшы тут ад двух да дзесяці гадоў, адчуўшы бацькоўскі клопат і атрымаўшы станоўчыя арыенціры жыцця ў грамадстве.
Галіна Гамеза. Фота аўтара

