Некаторыя хлопцы адпачылі дома, іншыя гасцілі ў бабуль і дзядуль. А дваццаць вучняў Запольскай школы ўвесь тыдзень перад Новым годам з задавальненнем наведвалі лагер «Вясёлка».
Эпідэмічная сітуацыя ўнесла карэктывы і ў святы, і ў спосабы адпачынку, але ўсе-такі многія запольские хлопцы правялі канікулы весела і з карысцю. Асабліва гэта было зручна зрабіць у сценах роднай школы. Змена «Вясёлкі» складалася ў асноўным з футбалістаў спартыўнай секцыі Чэрвеньскай СДЮШАР. Таму кожны дзень ішоў вучэбна-трэніровачны працэс па гульні нумар адзін. Яго наладзіў трэнер Максім ШАЛАБНЁЎ.

У першы ж дзень змены ў школьным спартзале адбыўся турнір па міні-футболе «Калядныя сустрэчы-2020» сярод дзяцей розных узростаў. Хлопцы атрымалі масу уражанняў, здаровага спартыўнага азарту і добрага пераднавагодняга настрою.

Кожны дзень у «вясёлкавым» лагеры быў тэматычным і меў свой сімвалічны колер. Было шмат такіх жа яркіх, як вясёлка, мерапрыемстваў, падзей і творчых заняткаў. Арганізатары змены не забыліся і аб праграме «Бяспечныя канікулы».

Хлопцы з задавальненнем гулялі ў квэст «Падарожжа ў краіну дарожных знакаў», удзельнічалі ў інфармацыйнай гадзіне «Мы — за пажарную бяспеку», усім спадабалася гульнявая праграма «Новы год крочыць па планеце».

Таксама на «Вясёлцы» праходзілі незвычайныя ўрокі англійскай мовы і працавала «Майстэрня Дзеда Мароза».
Віталь ПАЛЯЧКОЎ. Фота аўтара

