Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

12 Студзень 2021

Гарантаванне бяспекі пажылых грамадзян - адна з галоўных задач

Гарантаванне бяспекі пажылых грамадзян - адна з галоўных задач, якія стаяць перад дзяржаўнымі органамі.

Людзі старэйшага пакалення ў сілу свайго ўзросту і стану здароўя могуць стаць больш даступным аб'ектам здзяйснення злачынстваў. Любая асоба павінна паважліва ставіцца да старых, якія выгадавалі, выхавалі, абаранялі сваіх дзяцей, перадаюць ім свой жыццёвы вопыт. Таму бяспецы пажылых людзей надаецца асаблівая ўвага.

Не гледзячы на прафілактычную працу, якая праводзіцца, за 12 месяцаў 2020 года на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна здзейснена 61 злачынства ў дачыненні да пажылых грамадзян (старэйшыя за 60 гадоў), з іх у дачыненні да пажылых жанчын - 36, у дачыненні да пажылых мужчын - 25 злачынстваў.

Як правіла, злачынцы пад маркай продажу (пакупкі) разнастайных тавараў, рэчаў і прадуктаў харчавання, прадстаўляючыся работнікамі службы сацыяльнай абароны насельніцтва, медыцынскімі работнікамі і іншымі асобамі, пранікаюць у жыллё адзінокіх пенсіянераў, дзе, скарыстаўшыся іх даверлівасцю, здзяйсняюць крадзяжы грошай, залатых вырабаў і іншых дробнагабарытных каштоўных рэчаў.

Дадзеныя злачынствы выклікаюць складанасць у раскрыцці, бо у сілу сталага ўзросту многія пацярпелыя не могуць дэталёва апісаць знешнасць злачынцаў, скласці іх суб'ектыўны партрэт альбо апазнаць па наяўных уліках.

У мэтах прафілактыкі злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да асоб пенсійнага ўзросту, рэкамендуецца:

- не захоўваць грашовыя сродкі ў шафах з бялізнай у пакоях кватэры (дома), выключыць магчымасць выяўлення грошай староннімі асобамі пры беглым аглядзе кватэры; па магчымасці захоўваць буйныя сумы грошай у банках;

- не адчыняць дзверы ў кватэру (дом) незнаёмым, у тым ліку прадставіўшымiся супрацоўнікамі розных сацыяльных (камунальных) службаў. У любым выпадку не трэба саромецца папрасіць у наведвальнікаў прад'явіць дакументы. Больш таго, нават пасля прад'яўлення дакументаў, не спяшацца адкрываць незнаёмцам дзвярэй. Не лішнім будзе паклікаць суседзяў, патэлефанаваць у адпаведныя ўстановы і пацікавіцца, ці накіроўвалі яны свайго супрацоўніка і як яго прозвішча, альбо паведаміць па тэлефоне «102» аб наведвальніках;

Звяртаем увагу, што супрацоўнікі аператыўна-дзяжурных службаў («102») пры паступленні кожнага такога паведамлення па месцы жыхарства пенсіянера накіроўваюць нарад АУС для праверкі візіцёраў.

- калі незнаёмыя асобы пад выглядам сацыяльных работнікаў ўсё ж зайшлі ў кватэру, неабходна зачыніць дзверы, пастаянна знаходзіцца ў тым месцы, дзе захоўваюцца грошы; запатрабаваць ад тых, хто прыйшоў прадаставіць пацвярджаючыя дакументы; прапанаваць звязацца па тэлефоне «102» з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў для пацверджання правамернасці іх дзеянняў.

На тэрыторыі рэспублікі маюць месца выпадкі падману пажылых людзей. Дні атрымання пенсіі становяцца і днямі актыўнасці ашуканцаў.

Парады, якія дапамогуць пазбегнуць грамадзянам падобных супрацьпраўных дзеянняў:

У дні атрымання пенсіі наведваць паштовыя аддзяленні, сбербанкi і банкаматы з сваякамі або людзьмі, якім давяраюць.

Атрымаўшы пенсію пералічваць грошы незаўважна для навакольных.

Выходзячы, звяртаць увагу на навакольных, якія ідуць следам. Не ўступаць у гутарку з імі.

Не паддавацца на іх прапановы, так як яны, хутчэй за ўсё, падманныя.

Не верыць, што «задарма» можна ўзбагаціцца і прымножыць тую суму, якая атрымана законна.

Не губляцца, калі знойдзены чыйсці кашалёк. Звярнуць на яго ўвагу навакольных, а самому пайсці міма, не падымаючы. Хутчэй за ўсё, гэта выкрут ашуканцаў.

Не ўступаць ні ў якія здзелкі з незнаёмымі людзьмі.

КАЛІ Ў АДНОСІНАХ ДА ВАС УЧЫНЕНА ЗЛАЧЫНСТВА!

- Старайцеся не панікаваць і не губляць самавалоданне.

- Пастарайцеся запомніць асаблівыя прыкметы злачынцы, па якім міліцыя зможа хутчэй арганізаваць яго пошук.

- Аб усіх фактах учыненых злачынстваў неадкладна паведамляйце па тэлефоне 29202, альбо 102.

У апошні час у Рэспубліцы Беларусь адзначаецца рост колькасці злачынстваў, учыненых шляхам несанкцыянаванага доступу да камп'ютарнай інфармацыі аб банкаўскім рахунку. Ашуканцы тэлефануюць на мабільны тэлефон і прадстаўляюцца работнікамі банкаў і пад рознымі падставамі просяць даць рэквізіты банкаўскай аплатнай карты (нумар карты, тэрмін дзеяння і CVV-код). Пасля прадастаўлення кода адбываецца спісанне грашовых сродкаў з банкаўскай карткі.

Распаўсюджаны выпадкі, калі карыстачу, які размясціў аб'явы аб продажы маёмасці на гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках, напрыклад «Куфар», паступаюць званкі ад зламысніка, які прадстаўляецца асобай, зацікаўленай у куплі прадаванага тавару і, спасылаючыся на тое, што ён знаходзіцца ў іншым горадзе, прапануе ўнесці перадаплату на банкаўскую карту прадаўца. У ходзе зносін пацярпелы паведамляе рэквізіты сваёй карты, пашпартныя дадзеныя зламысніку, а таксама код, які паступіў у выглядзе SMS-паведамлення на мабільны тэлефон. «Пакупнік» запэўнівае, што гэта ўсё неабходна для пераводу грашовых сродкаў на карту пацярпелага, аднак гэтых дадзеных дастаткова для таго, каб ажыццявіць крадзеж усіх наяўных грашовых сродкаў на карт-рахунку.

Да інфармацыі, якая паступае з сеткі Інтэрнэт, звязанай з грашыма, варта ставіцца досыць сур'ёзна. Схемы махлярства разнастайныя: гэта і просьбы аб фінансавай дапамозе, гэта і выйгрышы ў латарэі, званкі з банкаў, разнастайныя дадатковыя заробкі і г. д.

Каб не стаць ахвярай інтэрнэт-махляроў варта прытрымлівацца наступных правілаў:

1. Нікому і ніколі не паведамляйце падрабязную інфармацыю аб сваёй банкаўскай карце. Пін-код, кодавае слова, CVV (або CVC2), код 3D-Secure і атрыманыя ад банка аднаразовыя паролі павінен ведаць толькі ўладальнік карткі;

2. Грошы варта здымаць і ўносіць толькі ў правераных банкаматах;

3. Калі інфармацыя аб картцы захоўваецца ў смартфоне або планшэце, не варта чытаць паведамленні, якія прыйшлі з невядомых нумароў, і ні ў якім разе не адкрываць спасылкі ў іх;

4. Сцеражыцеся нечаканых або незвычайных электронных паведамленняў, нават калі вам знаёмы адпраўнік, ніколі не адкрывайце ўкладанні і не пераходзіце па спасылках у такіх паведамленнях;

5. З асцярожнасцю ставіцеся да лістоў, у якіх запытваюцца дадзеныя рахункаў, ніколі не адпраўляйце фінансавую інфармацыю па неабароненых Інтэрнэт-каналах;

6. Пры паступленні паведамленняў ад знаёмых, якія змяшчаюць падахвочванне да ажыццяўлення фінансавых транзакцый альбо перадачы фінансавых рэквізітаў, абавязкова неабходна праверыць дадзеную інфармацыю з выкарыстаннем іншых каналаў сувязі (асабістая сустрэча, тэлефонны званок), альбо, у крайнім выпадку, ідэнтыфікуйце асобу суразмоўцы шляхам задачы кантрольных пытанняў, адказы на якія не могуць быць вядомы трэцім асобам.

Намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку

і прафілактыкі Чэрвеньскага РАУС

маёр міліцыі Р. В. Пракаповіч

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць