Адзін з яго раздзелаў – “Раскрыццё культурнага патэнцыялу” – наўпрост тычыцца працы музейных устаноў.
У праекце праграмы гаворыцца, што ўдасканаленне музейнай дзейнасці запатрабуе ўкаранення асобных распрацовак у сферы інфармацыйных тэхналогій. Гэта, у прыватнасці, новыя формы абслугоўвання з выкарыстаннем сучасных трохмерных тэхналогій, праграм віртуальнай і дапоўненай рэальнасці.
– Пры стварэнні экспазіцый у новым будынку мы на практыцы пераканаліся ў неабходнасці развіцця гэтага накірунку, – зазначыла дырэктар музея Алена Забаронак. – Сучасны музей патрабуе сучасных падыходаў да працы з наведвальнікамі. Сёння ім цікава не толькі пабачыць экспанаты, пазнаёміцца з музейнымі калекцыямі, але і атрымаць дадатковую звесткі. І тут на дапамогу прыходзяць інфармацыйныя тэхналогіі.
У новай канцэпцыі асноўнай экспазіцыі музея было прадугледжана абсталяванне асобных раздзелаў інфармацыйнымі кіёскамі. Напрыклад, вельмі аб’ёмнай з’яўляецца тэма “Знакамітыя землякі”. У нас вельмі шмат ураджэнцаў Ігуменшчыны і Чэрвеньшчыны, якія праславілі сваю малую радзіму дасягненнямі ў навуцы, літаратуры, музыцы, выяўленчым мастацтве, іншых галінах дзейнасці. Натуральна, што змясціць усю інфармацыю на стэндах немагчыма. Таму зараз мы пераводзім яе ў лічбавы фармат, каб потым змясціць у інфакіёсках. Па-сутнасці, гэта будуць своеасаблівыя электронныя архівы, якімі змогуць скарыстацца ўсе ахвотныя.
Як распавяла Алена Забаронак, сучасныя тэхналогіі збіраюцца выкарыстаць у музеі і пры стварэнні экспазіцыі “Прырода роднага краю”. У прыватнасці, наведвальнікі атрымаюць магчымасць не толькі пабачыць, якія жывёлы і птушкі насяляюць Чэрвеньшчыну, але і пачуць іх галасы.
Патрэбнай лічыць Алена Забаронак і перспектыву укаранення ў бліжэйшай пяцігодцы сучасных трохмерных тэхналогій. Пакуль што сам музей такімі магчымасцямі не валодае. Але ўжо на наступным тыдні тут упершыню адкрыецца 3D выстава з Мінска.

