У Чэрвені іх сустракала неаднаразовы ўдзельнік Зорных паходаў у мінулым, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Ніна Манулік.

Госці наведалі ўсе школы Чэрвеня і гімназію, раённы краязнаўчы музей і смілавіцкі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна. Яны правялі дыскусійныя пляцоўкі, семінары-практыкумы, майстар-класы, трэнінгі, прафарыентацыйныя сустрэчы з навучэнцамі.


Зорны паход пачаўся з ускладання вянкоў да помніка Флягонтаву ў Чэрвені. Студэнты і выкладчыкі ВНУ наведалі алею герояў і Музей касманаўтыкі, пасля чаго на базе 2-й гарадской сярэдняй школы правялі майстар-класы «Мастацтва Мехендзi», «Мой сябар – акардэон», «Чароўная скрыпка» і «Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання».




У гімназіі з удзелам педагогаў прайшла дыскусійная пляцоўка на тэму: «Прынцып інклюзіі ў адукацыі». Яе правялі доктар педагагічных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ Вера Хітрук і кандыдат псіхалагічных навук, дырэктар Інстытута псіхалогіі БДПУ Уладзімір Валчанкоў. У ходзе дыскусіі была паднята тэма інтэграванага навучання і фарміравання талерантнага стаўлення да навучэнцаў з рознымі адукацыйнымі патрэбамі (а гэта і асабліва адораныя дзеці, і дзеці-білінгвы, і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця), дапамога ім у адаптацыі.


У сярэдняй школе №3 каманда Зорнага паходу наведала музей «Летапіс школы» з куратарам Людмілай Кацько. З падлеткамі студэнты адпрацавалі сацыяльна-псіхалагічны трэнінг «Быць лідэрам - гэта лёгка», далі майстар-клас «Развіццё асартыўных навыкаў уласных паводзінаў». Для пачатковых класаў госці падрыхтавалі трэнінг «Вучымся мець зносіны»: малыя былі ў захапленні, а будучыя педагогі атрымалі масу задавальнення ад эмацыйнай аддачы.



Васьмікласнікі сярэдняй школы №4 паўдзельнічалі ў майстар-класах па жэставай мове, атрымалі першасныя навыкі абазначэння гукаў жэстаў для глухіх людзей.


Для навучэнцаў 9-х класаў студэнты правялі трэнінг па арганізацыі валанцёрскай дзейнасці: з хлопцамі яны пагутарылі пра асаблівасці зносін з дзецьмі, якія маюць такія парушэнні, як аўтызм, ДЦП. Трэнеры разыгралі сітуацыі, дзе дзевяцікласнікі на практыцы ўжылі атрыманыя веды. Пасля мерапрыемства навучэнцы яшчэ доўга не адпускалі будучых педагогаў, задавалі ім мноства пытанняў пра асаблівасці навучання на факультэце.


А для самых маленькіх школьнікаў госці арганізавалі занятак па развіцці творчых здольнасцяў і дробнай маторыкі (квiлiнгу).

Сваю праграму ў Чэрвені ўдзельнікі паходу завяршылі канцэртнай праграмай «Будучыня пачынаецца тут», прысвечанай патрыятычнаму выхаванню: яны ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, выканалі песні аб роднай зямлі, прадэманстравалі сваё майстэрства ў харэаграфіі і танцы.





У якасці спецыяльнага госця на канцэрце прысутнічаў ветэран вайны ў Афганістане, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Віктар Казачонак. Студэнты ўзялі ў яго інтэрв'ю, з цікавасцю слухалі яго ўспаміны аб ваенным мінулым.


Будучыя выкладчыкі, закаханыя ў сваю ВНУ і прафесію, заклікалі навучэнцаў школ, гледачоў канцэрту, прымаць усвядомленае рашэнне на карысць БДПУ, а таксама выказалі падзяку alma mater.

- За 56 гадоў Зорныя паходы занялі годнае месца ў летапісе БДПУ, - сказалі студэнты. - Удзел у гэтым грандыёзным праекце для кожнага з нас - гэта ўнікальная магчымасць шанаваць традыцыі, здабыць шчасце сапраўднага сяброўства, атрымаць бясцэнны вопыт дапамогі ў выбары жыццёвага шляху.
Галіна АКБАЛ

