Тут працуе персанальная выстава маладой мастачкі са Смалявічаў Юліі Нявейка “Ад міфа да вобраза”.
Чэрвеньцы не спешчаныя падзеямі культурнага жыцця, асабліва ў цяперашняй няпростай эпідэмічнай сітуацыі. Таму на адкрыццё выставы сабралася багата людзей. Гэтая акалічнасць стала прыемнай неспадзяванкай для мастачкі. Паводле яе слоў, нават у Мінску на такіх імпрэзах наведвальнікаў не заўсёды бывае шмат.

Як распавяла дырэктар музея Алена Забаронак, з Юліяй Нявейка ў яго супрацоўнікаў склаліся даўнія партнёрскія стасункі. Яна ўдзельнічала ў мастацкім аздабленні будынка гасцёўні Станіслава Манюшкі ў Смілавічах, а таксама стварыла адметны роспіс сцяны пры ўваходзе ў раённы музей. Такім чынам, выстава мастачкі стала працягам сяброўства.





Юлія Нявейка – выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, магістр педагагічных навук у галіне выяўленчага мастацтва, старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання “Еўразійская мастацкая садружнасць”, заснавальнік і педагог дзіцячай творчай майстэрні “Алоўкі” ў Смалявічах. Працуе яна ў многіх жанрах, найчасцей – у тэхніцы алейнага жывапісу і пастэлі. Адзін з любімых кірункаў творчасці – маляўнічыя партрэты, сярод якіх шмат жаночых вобразаў. Менавіта такія работы пераважаюць у экспазіцыі, якую мастачка прадставіла ў Чэрвені.





Жанчыны на карцінах Юліі Нявейка – вытанчаныя і лірычныя, узвышаныя і элегантныя. Яны здаюцца жывымі, сапраўднымі і, у той жа час – загадкавымі, поўнымі таямніц.
– Амаль кожны партрэт я спісвала з рэальных людзей, а потым ужо прыдумляла якісьці вобраз, прапускала яго праз сябе, як я яго бачу, уяўляю, – кажа Юлія. – Шмат якія працы заснаваныя на міфах і паданнях…






Паказальная ў гэтым плане – карціна “Пляцельшчыцы лёсаў. Норны”, на якой адлюстраваныя тры скандынаўскія багіні, што вызначаюць лёсы ўсіх жывых істот. Сталая сімвалізуе мінулае, сярэдняга ўзросту – цяперашняе, маладая – будучыню.
Канешне ж, энергетыку чароўных твораў Юліі Нявейка, якія нараджаюцца на сутыкненні рэальнага і прыдуманага, як і энергетыку карцін увогуле, нельга перадаць на словах. Таму прыходзьце і глядзіце: выстава будзе працаваць у музеі да 27 сакавіка.

