Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лідзія Шчацінка прапанавала абраць першым сакратаром Чэрвеньскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ» Марыю Чарняўскую. Знаёмячы дэлегатаў Пленума з кандыдатурай новага маладзёжнага лідара, яна распавяла, што Марыя Ігараўна нарадзілася ў 1988 годзе ў расійскім Петрапаўлаўску-Камчацкім. У 2010 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысёр-выкладчык». Працавала педагогам-арганізатарам у СШ №121 і гімназіі №42 г.Мінска, галоўным спецыялістам Фрунзенскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” г.Мінска, першым сакратаром Смалявіцкай раённай арганізацыі ГА «БРСМ».

Першы сакратар Мінскага абкама ГА “БРСМ” Аляксандр Дзічкоўскі выказаў упэўненасць, што Марыя, пры падтрымцы мясцовых уладаў, паспяхова справіцца з задачамі, якія давядзецца вырашаць.

Пасля таго, як дэлегаты Пленума адзінагалосна прагаласавалі за абранне Марыі Чарняўскай першым сакратаром Чэрвеньскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ», слова ўзяла кіраўнік спраў райвыканкама Ларыса Ефіменка. Яна падкрэсліла, што Марыя прыйшла на пасаду ў няпросты час, калі важна дапамагчы моладзі правільна зарыентавацца ў шырокай інфармацыйнай плыні. Ларыса Ефіменка пажадала новаму першаму сакратару сфарміраваць надзейную каманду і стаць сапраўдным лідарам, які павядзе за сабой.
Падзякаваўшы за аказаны давер, Марыя Чарняўская назвала БРСМ вялікай пляцоўкай для рэалізацыі творчага, спартыўнага, інтэлектуальнага патэнцыялу моладзі. Яна запэўніла што захавае традыцыі раённай арганізацыі і прыдасць яе працы новы імпульс.

