Арганізатарамі алімпіяды сталі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама, eпраўленне адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Дзяржаўтаінспекцыя УУС Мінскага аблвыканкама і Чэрвеньскага РАУС.
Удзельнікаў і гасцей алімпіяды гасцінна прыняла сярэдняя школа №4 г. Чэрвеня.
- Алімпіяда па правілах дарожнага руху на Міншчыне - адзінае мерапрыемства абласнога ўзроўню ў рэспубліцы, якое мы праводзім з 2005 года. – распавёў начальнік Дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці палкоўнік міліцыі Міхаіл Акуліч. - Мы праводзім яе ўжо шаснаццаты раз. Мэтай яе правядзення для школьнікаў 5-7 класаў з'яўляецца прапаганда правілаў дарожнага руху, прывіццё дзецям навыкаў бяспечных паводзін на дарогах, вуліцах і ў гарадах. Як паказвае статыстыка, часцей за ўсё дарожна-транспартныя здарэнні адбываюцца з удзелам дзяцей менавіта гэтай узроставай групы. Бо ўжо з пачатку гэтага года на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 13 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, у якіх траўмавана 15 дзяцей. З іх — 6 ДТЗ з удзелам дзяцей-пешаходаў, 6 - дзяцей-пасажыраў, 1 - з удзелам дзіцяці-кіроўцы. Практычна ва ўсіх выпадках аварый з дзецьмі-пасажырамі былі парушаны правілы перавозкі непаўналетніх, а менавіта не прышпілены рэмень бяспекі альбо перавозка ажыццяўляецца без спецыяльных утрымліваючых прылад. А ў палове аварый з дзецьмі-пешаходамі апынуліся вінаватымі яны самі…

Раніца 31 сакавіка пачалася з заезду і рэгістрацыі каманд-удзельніц. Пазмагацца за званне лепшых на Міншчыне прыехалі знаўцы ПДР з дваццаці двух раёнаў Мінскай вобласці і г.Жодзіна. Чэрвеньскі раён прадстаўлялі вучні сярэдняй школы №4 Максім Капцёлаў - 5 клас, Станіслаў Хмяльніцкі - 6 клас, Вольга Лянцэвіч - 7 клас. Трэніруе дзяцей намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Табалевіч.

Алімпіяда пачалася з урачыстага адкрыцця ў актавай зале школы, дзе ў адрас удзельнікаў прагучалі словы прывітання і пажаданні ўдачы.

Навучэнцам 5-7 класаў трэба было спаборнічаць не толькі ў веданні правілаў дарожнага руху. На першым этапе спаборніцтва каманды прадставілі на суд журы хатнюю нарыхтоўку - відэаролік на тэму Калі б я быў інспектарам ДАІ...!», накіраваны на прафілактыку дарожна-транспартнага траўматызму. Пяць лепшых ролікаў увойдуць у стварэнне фільма, прысвечанага 85-годдзю ўтварэння Дзяржаўтаінспекцыі Рэспублікі Беларусь. У пяцёрку лепшых увайшоў і відэаролік каманды нашага раёна, створаны сіламі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Чэрвеня і аддзялення ДАІ Чэрвеньскага РАУС.

Пасля групоўкі па раёнах, адбыліся індывідуальныя рашэнні квіткоў ПДР з дзесяці пытанняў. Заключным трэцім этапам алімпіяды стала каманднае рашэнне задачы «Дарожная сітуацыя», заданні якіх максімальна набліжаны да рэальных умоў дарожнага руху.

Хлопцам, якія чакаюць сваёй чаргі для ўдзелу ў рашэнні білетаў, прапаноўвалася разрадзіць абстаноўку і паўдзельнічаць у працы мноства тэматычных пляцовак: матэр-класы па вырабе флікераў, і стварэнні аквагрыму і бодзі-арта ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Чэрвеня;


праект «Маршрут бяспекі» - выкарыстанне канструктара LEGO у фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін у школьнікаў малодшага ўзросту ад Раваніцкай сярэдняй школы;


лэпбук-стэнд з шматфункцыянальным дапаможнікам, змяшчаючым інтэрактыўную інфармацыю і заданні на тэмы «Правілы паводзін у школьным аўтобусе. Правілы пасадкі ў школьны аўтобус і высадкі з яго» ад Валевачэўскай сярэдняй школы;

інтэрактыўная выстава «Правілы дарожнага руху ў малюнках і мастацкіх работах дзяцей» ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна г. п. Смілавічы,


інтэрактыўная гульня «Дарожны следапыт» ад сярэдняй школы №4 г. Чэрвеня; інтэрактыўныя пляцоўкі на вуліцы перад школай «Скрыжаванне» ад сярэдняй школы №2 г. Чэрвеня, і выстава транспартных сродкаў «Гісторыя на колах» ад дзіцячых садоў г. Чэрвеня,




пакой чакання з інтэрактыўнай пляцоўкай «Асцярожна! Дарога!». Госці і ўдзельнікі алімпіяды таксама змаглі наведаць Цэнтр бяспекі, які зусім нядаўна быў адкрыты ў школе.

На ўрачыстым закрыцці алімпіяды выступілі вакальныя і танцавальныя калектывы Смілавіцкіх: дзяржаўнага аграрнага каледжа, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ім Х. Суціна, Дзіцячай школы мастацтваў.


Абсалютнымі пераможцамі XVI абласной алімпіяды па правілах дарожнага руху сярод навучэнцаў сталі:
1 месца – каманда Барысаўскага раёна; 2 месца - г. Жодзіна; 3 месца - Салігорскі раён. У індывідуальным заліку таксама лідзіравалі барысаўчане і жодзінцы.

Пераможцам у агульнакамандным і асабістым заліку былі ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі. Усе ўдзельнікі спаборніцтва атрымалі сувеніры на памяць ад Чэрвеньскага раёна з сімволікай Алімпіяды і горада Чэрвеня.

- Ідэю аб правядзенні XVI абласной алімпіяды па правілах дарожнага руху на Чэрвеньшчыне прапанавала Таццяна Цвірко, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама — распавядае Ірына Змачынская, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама, — Мы, ацаніўшы магчымасці і рэсурсы, прынялі эстафету на правядзенне алімпіяды ў нашым раёне. Мерапрыемства ўдалося арганізаваць на годным узроўні, прыемна бачыць задаволеных хлопцаў, калег, пачуць станоўчыя водгукі і просьбы падзяліцца вопытам арганізацыі мерапрыемстваў падобнага ўзроўню. Такія падзеі патрэбны раёну, яны дапамагаюць ацаніць перспектывы на будучыню. Па выніках алімпіяды хлопцы з Чэрвеньскай каманды не занялі прызавых месцаў, але годна прадставілі наш раён і паказалі добрыя веды ПДР. У такім спаборніцтве не можа быць прайграўшых, важней дыпломаў і ўзнагарод бяспека школьнікаў на дарогах.
Усе ўдзельнікі атрымалі масу пазітыўных эмоцый, а таксама імпульс на ўзняцце ўзроўню ведаў і цвёрдае рашэнне перамагчы ў наступным годзе.
Галіна Акбал. Фота аўтара

