Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

02 Красавік 2021

Тэма - самарэалізацыя: рэдакцыя сабрала моладзь Чэрвеня на дыскусійнай пляцоўцы

Тэмай мерапрыемства былі магчымасці самарэалізацыі моладзі ў нашым горадзе і раёне. Удзельнікаў запрасілі з розных устаноў і прадпрыемстваў, даклады зрабілі тры эксперты.

У пачатку сустрэчы мадэратар Галіна Гамеза распавяла, што мэта мерапрыемства - даць магчымасць моладзі абмяняцца думкамі, падзяліцца вопытам, пазначыць праблемы і шляхі іх вырашэння, а таксама па магчымасці выпрацаваць новыя шляхі самарэалізацыі чэрвеньскай моладзі і ўключэння яе ў грамадскае жыццё раёна.

Таццяна Ермаловіч і Марына Патапенка

У працы дыскусійнай пляцоўкі ўдзельнічалі тры эксперты. Начальнік сектара занятасці, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна Ермаловіч распавяла аб працаўладкаванні моладзі, перанавучанні і магчымасці адкрыцця ўласнага бізнесу. Тэма адкрыцця сваёй справы асабліва зацікавіла многіх, і пасля дакладу ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі тут жа «закідалi» Таццяну Рыгораўну дадатковымі пытаннямі, на якія яна дала разгорнутыя адказы.

Адказваючы на пытанне аб найбольш паспяховых праектах нашых маладых землякоў, якія скарысталіся субсідыяй сектара занятасці, Таццяна Ермаловіч адзначыла, што, напрыклад, практычна ўсе адкрытыя з прыцягненнем субсідыі чэрвеньскія цырульні сёння ўжо маюць прыбытак, задаволеных кліентаў і добрую рэпутацыю. Удзельнікі дыялогу, у сваю чаргу, выказаліся пра тое, што раней лічылі працэдуру адкрыцця ўласнага бізнесу вельмі складанай, але падчас сустрэчы даведаліся шмат новага і памянялі сваё меркаванне.

Жанна Чарнавец

Другім экспэртам на пляцоўцы была намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец. Пасля дакладу Жанны Георгіеўны многія ўдзельнікі сустрэчы сталі ажыўлена цікавіцца: «А як уладкавацца да вас на працу?!» Хлопцы і дзяўчаты былі ўражаны тым, якую вялікую дапамогу і падтрымку ў розных сферах жыцця аказвае лясгас сваім маладым кадрам. Тут клапоцяцца аб кожным новым маладым спецыялiсце, маладых сем'ях, пайшоўшых у войска салдатах, студэнтах-завочніках. «Стараемся падтрымаць усіх, стварыць добрыя ўмовы як для працы, так і для жыцця, адпачынку, самаразвіцця. Як вынік — многія маладыя спецыялісты застаюцца ў нас пасля адпрацоўкі, ствараюць сем'і, абзаводзяцца жыллём, будуюць кар'еру, дасягаюць выдатных вынікаў у працы».

Яўген Кандраценка

Трэці эксперт, спецыяліст раённага цэнтра культуры і вольнага часу Яўген Кандраценка, распавёў пра тое, якія віды вольнага часу прапануе РЦКiВЧ. «Працуючая і навучэнская моладзь можа займацца танцамі, вакалам, рэалізоўваць сябе ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Ёсць магчымасць гуляць у настольныя гульні, паспрабаваць сябе на сцэне, у тэатральнай студыі. Мы адкрыты і для іншых канструктыўных ідэй. Праўда, часам пытанне ўпіраецца ў наяўнасць спецыялістаў - калі заўтра да нас прыйдзе сто маладых людзей, якія жадаюць танцаваць, прыйдзецца спачатку пачакаць, пакуль возьмем на працу выкладчыка!..»

Як высветлілася з зададзеных эксперту «з залы» пытанняў, менавіта танцамі, а таксама вакалам, хацелі б займацца ў Чэрвені многія прадстаўнікі дарослай, працуючай моладзі, але некаторыя ўжо сутыкнуліся з недахопам выкладчыкаў і таму спрабуюць займацца дома па відэа-ўроках. Магчыма, праблема ў будучыні вырашыцца ў карысць «жывых» заняткаў.

Андрэй Юшко

Аб сваім аматарскім клубе Jeepery_Cherven распавёў інжынер-праграміст Андрэй Юшко. Аўтаклуб актыўна існуе ўжо тры гады, расце, развіваецца, удзельнічае ў розных мерапрыемствах. «Мы пачыналі з двух машын, цяпер у нас 12 аўтамабіляў, шмат людзей прыязджае на нашы заезды з Мiнска — адзначыў Андрэй. - Мы бярэм з сабой у паездкі дзяцей, каб паказаць ім прыгажосць нашага краю, навучыць з ранняга дзяцінства любіць радзіму, прыроду, быць моцным, умець змагацца і перамагаць». На пытанне, як уступіць у клуб, Андрэй адказаў, што падчас правядзення заездаў і аўтапрабегаў прыйшоў да высновы, што вялікая колькасць машын вядзе да павелічэння праблем з арганізацыяй і бяспекай, таму далейшага разрастання клуба не хацеў бы. Ці не падстава гэта для таго, каб хтосці такі ж актыўны і адданы свайму захапленню, як Андрэй Юшко, арганізаваў у Чэрвені яшчэ адзін аўтаклуб? Можна было б ладзіць спаборніцтвы, сумесныя паездкі, дзяліцца вопытам і ганарыцца тым, што ўдалося рэалізаваць свае жаданні і планы!..

Дзмітрый Маркевіч і Арцём Дзятко

У дыскусійнай пляцоўцы ўдзельнічалі прадстаўнікі як Чэрвеня, так і Смілавіч. Работнікі Смілавіцкага Дома культуры Арцём Дзятко і Дзмітрый Маркевіч, актыўна ўдзельнічаючы ў дыялогу, распавялі аб наяўных у пасялковым ДК аб'яднаннях для моладзі і пра тое, якія новыя формы працы можна прапанаваць маладым землякам: «Нядаўна мы паспрабавалі правесці турнір па кампутарных гульнях, - падзяліўся вопытам з аўдыторыяй Арцём Дзятко. — Накшталт усё прайшло нармальна, але праблема ў тым, што ў нас мала абсталявання - адзін тэлевізар, адна прыстаўка. Мы хацелі б правесці турнір пабольш, але пакуль проста не хапае тэхнічных магчымасцяў. Летась у раёнцы пісалі пра такі ж турнір у Чэрвені, мы б не супраць сустрэцца з яго арганізатарамі і пагутарыць, каб пераняць вопыт або правесці якое-небудзь сумеснае мерапрыемства»

Аўгустына Куркоўская і Аліна Скуратовіч

Аліна Скуратовіч і Аўгустына Куркоўская прадстаўлялі Смілавіцкі сельскагаспадарчы ліцэй: «У нас рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы для навучэнцаў. У тым ліку для тых хлопчыкаў і дзяўчынак-сірот, якія на выхадныя пастаянна застаюцца ў інтэрнаце, у нас па суботах арганізуюць адмысловыя забаўляльныя праграмы. Ёсць шмат розных гурткоў, нават велатурызм і сплавы на лодках. Кожны можа знайсці сабе занятак па душы. Таксама ў нас добрая тэхнічная база ў навучальных карпусах, мы атрымліваем сучасныя прафесіі. Многія потым працягваюць вучобу далей».

Данііл Стасюк і Алена Грынько

Слесару эксперыментальнай базы «Натальеўск» Даніілу Стасюку задалі шмат пытанняў аб тым, чым сёння забяспечаны маладыя працаўнікі вёскі. Гэта тычылася не толькі самарэалізацыі, але і праблемы жылля, аплаты працы, сацыяльных ільгот. «Я не магу адказаць за ўвесь раён, - сказаў Данііл, - але ў нас у «Натальеўску» з моладдзю справы ідуць добра. Усім маладым сем'ям даюць жыллё. У мяне кватэра ў Любiшына ў шматкватэрным доме, там такіх некалькі. Жыллё цудоўнае, новы дом, кватэра вялікая, ніякіх праблем. Зарплата добрая. Ад прафсаюза даюць пуцёўкі ў санаторый. Для дзяцей ёсць садок. Увогуле, гаспадарка аб нас клапоціцца. Наконт далейшай самарэалізацыі - хачу і далей добра працаваць і зарабляць, каб годна жыць».

Эканаміст Алена Грынько захапляецца спортам і дабрачыннасцю, яна распавяла пра тое, што часта ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах: «Галоўнае - хацець самому. Я не чакаю, што мяне кудысці паклічуць і будуць развіваць, вучыць. Я сама рэалізую свае планы. Шукаю ў Інтэрнэце цікавыя мерапрыемствы і падаю заяўкі на ўдзел, запрашаю сяброў, знаёмых. Мне цікавы спорт, ЗЛЖ — я бегаю, езджу на ровары. Мне хочацца дапамагаць людзям - я пералічваю грошы на дабрачыннасць, дзецям-інвалідам. А з планаў - я б хацела займацца вакалам». Таксама Алена адзначыла, што на прамыслова-вытворчым заводзе, дзе яна працуе, прафсаюз і адміністрацыя падтрымліваюць моладзь, яе імкненні і цікавыя задумкі.

Марына Патапенка і Галіна Гамеза

У дыскусіі ўдзельнічала галоўны спецыяліст аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Марына Патапенка. Яна адзначыла, што такія мерапрыемствы вельмі карысныя, бо маладыя актыўныя грамадзяне Чэрвеньшчыны ў працэсе зносін не толькі дзеляцца сваімі ўражаннямі, але могуць выказаць канструктыўную крытыку, задаць хвалюючыя іх пытанні і прапанаваць цікавыя ідэі, якія возьме на заметку адміністрацыя раёна.

Дыяна Чыбісава

Самай юнай удзельніцай працы пляцоўкі была дзесяцікласніца другой чэрвеньскай школы Дзіяна ЧЫБІСАВА. Крыху больш года ёй засталося для таго, каб вызначыцца з выбарам, на каго паступаць вучыцца. Дзяўчына падумвае аб прафесіі журналіста. Піша нататкі ў раёнку, цікавіцца навінамі, удзельнічае ў мерапрыемствах, прыглядаючыся да працы рэпарцёраў, фатографаў, карэспандэнтаў. Магчыма, ёй «Раённы веснік» дапаможа ў самарэалізацыі напрамую. А ўсім чытачам мы прапануем падключацца да абмеркавання тэмы нашай дыялогавай пляцоўкі і чакаем цікавых прапаноў для наступных сустрэч.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць