Супрацоўнікі і ветэраны міліцэйскай службы ўсклалі кветкі да магілы малодшага сяржанта міліцыі Івана Лучына. Ён быў камандзіраваны з Чэрвеньскага РАУС у пацярпелую падчас аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі зону адсялення і загінуў пры выкананні службовага абавязку ў сакавіку 1992 года.


Кірыл Дубовік уручыў удаве Івана Лучына Ірыне памятны знак “Удзельнік ліквідацыі аварыі на ЧАЭС”, якім яе муж уганараваны пасмяротна.


24-гадовы міліцыянер-кінолаг ізалятара часовага ўтрымання Іван Лучын разам з міліцыянерам Маладзечанскага ГРАУС патрулявалі населеныя пункты Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У адной з вёсак да іх падбегла жанчына і паведаміла, што п’яны мясцовы жыхар страляе па людзях з паляўнічай стрэльбы. Калі супрацоўнікі міліцыі пад’ехалі да хаты, у якой павінен быў знаходзіцца зламыснік, Іван Лучын першым выйшаў з машыны і накіраваўся да будынка. У гэты момант пачуўся нечаканы стрэл…. З камандзіроўкі чэрвеньскага міліцыянера не дачакаліся жонка і двое маленькіх дзяцей…
У маі 2017 года ў вёсцы Галоўчыцы на Магілёўшчыне, дзе адбылася трагедыя, адкрылі Памятны знак Івану Лучыну.

