Завяршыўшы ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны сяўбу ранніх яравых зерневых культур, у гаспадарцы ўжо праз некалькі дзён пачалі садзіць бульбу.
– Ваганні былі, – кажа аграном Марына Кудланс. – Але зазірнулі ў доўгатэрміновы прагноз надвор’я і ўбачылі, што бліжэйшым часам трывалага цяпла чакаць не варта. А бульбы ў нас – 200 гектараў, так што марудзіць няма сэнсу…

Механізатар на пасадцы бульбы Ілья Бабіч.
Так сталася, што “Натальеўск” зараз – адзіная гаспадарка на Чэрвеньшчыне, дзе вырошчваюць бульбу. Для гэтага тут ёсць усё неабходнае: поўны набор спецыялізаванай тэхнікі, сучасныя бульбасховішчы і, галоўнае, да драбніц адпрацаваная тэхналогія. Сельгаспрадпрыемства традыцыйна высаджвае шмат гатункаў клубняў, як айчыннай, так і замежнай селекцыі. Сёлета іх дванаццаць.
– Гатункі абіраем з такім разлікам, каб яны былі запатрабаваныя ў пакупнікоў, – кажа Марына Кудланс. – Высокая ўраджайнасць і прывабны таварны выгляд – важныя паказчыкі. Але не менш важна для тых, хто набывае ў нас бульбу, каб яна добра ляжала. Бо ў сховішчы гаспадаркі ёсць мікраклімат, а ў людзей клубні захоўваюцца звычайна ў падвале ці склепе.
Сёлета будзем садзіць новыя гатункі: “Першацвет” беларускай селекцыі, а таксама нямецкія “Лілі” і “Бельмандо”. Таксама, як і штогод, набылі насенне высокіх рэпрадукцый для гатункаабнаўлення…
На адведзеных пад бульбу палетках гаспадаркі працуе дзве саджалкі. Механізатары Ілья Бабіч і Аляксандр Бародзіч разам за дзень садзяць 16-18 гектараў клубняў. Завяршыць гэты від работ у сельгаспрадпрыемстве разлічваюць да 9 мая.

Механізатар на сяўбе кукурузы Сяргей Молчан.
Таксама ў “Натальеўску” першымі на Чэрвеньшчыне пачалі сеяць кукурузу. Аб’ём сяўбы тут – адзін з самых значных у раёне – 1200 гектараў.


