




Святкаванне прадоўжылася на плошчы Свабоды вялікім канцэртам-віншаваннем “Нязгаснае святло Вялікай Перамогі”. Салісты і творчыя калектывы ўстаноў культуры і адукацыі раёна прысвяцілі яго ўсім, хто загінуў на полі бою, ветэранам, якія здабылі перамогу і падаравалі нам мір, а таксама дзецям, якія ніколі не бачылі вайны.
Самадзейныя артысты ўклалі ў кожны нумар канцэртнай праграмы часцінку сваёй душы, таму выступленні атрымаліся шчырымі і кранальнымі. Падчас іх у шматлікіх гледачоў была нагода і для непадробнай радасці і для смутку, калі яны акуналіся ў атмасферу ваеннага ліхалецця.










У канву канцэрту арганічна ўпляліся і памятны вальс 45-га, і тужлівая хвіліна маўчання, і флэшмоб, прысвечаны Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, і, канешне ж, неўміручая песня “Дзень Перамогі”, якую артысты і гледачы выканалі разам.
На плошчы і ў гарадскім скверы працавалі фотазоны і майстар-класы, якія арганізавалі ўстановы адукацыі, культуры і сацыяльнай сферы раёна. Чэрвеньцы і госці фатаграфаваліся на фоне атрыбутыкі свята ці ў абстаноўцы далёкіх ваенных часоў, вучыліся вырабляць бутаньерку або віншавальную паштоўку, рэзаць па дрэву, плесці з бісеру, наносілі на твар аквагрым. Шматлюдна было і на выставе зброі, якая разгарнулася ля амфітэатра.
















Адмысловую праграму падрыхтаваў да свята раённы краязнаўчы музей. Тут кожны меў магчымасць напісаць ліст з пажаданнямі ветэрану, вырабіць сімвал Перамогі – зорку, паглядзець фільм пра вайну, пакінуць адбітак далоні на імправізаваным палатне, якое сімвалізуе мірнае жыццё, наведаць выставу значкоў Станіслава Альшэўскага “Памяць скрозь час” і выставу “Зброя Перамогі”. Дарэчы, і ў асноўную экспазіцыю музея ўваход сёння быў вольным.
З-за складанай эпідэмічнай абстаноўкі сёлетняе свята не было такім маштабным, як звычайна. Але ў гэтым ёсць і свае плюсы: яно атрымалася па-хатняму ўтульным і шчымліва-шчырым.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

