Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

01 Чэрвень 2021

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Чэрвеньшчыны за першы квартал года разгледзелі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віталь Казлоў, у прыватнасці, адзначыў, што ў аснове развіцця рэгіёна знаходзіцца прыняцце мер для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту галін народнай гаспадаркі, паляпшэння знешнеэканамічнай і інвестыцыйнай дзейнасці, а таксама – павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

Ён распавёў, што, па выніках працы за студзень-сакавік, у раёне выкананы чатыры мэтавыя і індыкатыўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Забяспечаны рост намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў. Яна склала 1035,2 рубля і ўзрасла на 13,8 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года пры прагнозе 10,5 працэнта. Тэмп росту аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал склаў 113,5 працэнта пры прагнозе 80 працэнтаў, будаўніча-мантажных работ – 151,4 працэнта пры заданні 102 працэнты, рознічнага тавараабароту – 108,3 працэнта пры заданні 103 працэнта (па гэтаму паказчыку раён займае першае месца ў вобласці).

Разам з тым, у студзені-сакавіку знізіўся тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі: 95,7 працэнта пры заданні 102,6 працэнта.

 – Чэрвеньскі раён – аграрны, таму праца сельскагаспадарчых арганізацый – своеасаблівы індыкатар яго развіцця, і такое зніжэнне недапушчальнае, – падкрэсліў Віталь Казлоў.

Аналізуючы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну ў прамысловасці, першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Гадун адзначыў, што аб’ём вытворчасці прадукцыі ў галіне павялічыўся ў параўнанні з першым кварталам мінулага года на 23,5 працэнта. Гэта, у прыватнасці, дасягнута, дзякуючы нарошчванню вытворчасці УП “Нафтабітумны завод” (на 90,2 працэнта) і замежным гандлёва-вытворчым унітарным прадпрыемствам “Рэб-Фарма» (на 26,5 працэнта).  Ніжэй за адпаведны перыяд мінулага года склаліся аб’ёмы вытворчасці на Чэрвеньскім вытворча-харчовым заводзе (71,3 працэнта), у Чэрвеньскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы (91,5 працэнта) і на Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыцы (94,7 працэнта).

Асноўнай прычынай іх зніжэння на Чэрвеньскім вытворча-харчовым заводзе с скарачэнне аб’ёмаў рэалізацыі прадукцыі. Рэшткі гатовай прадукцыі на складах прадпрыемства на 1 красавіка складалі 73,3 працэнта да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Выручка ад рэалізацыі ў параўнанні з студзенем-сакавіком мінулага года знізілася на 28,4 працэнта.

– На Міншчыне вытворчасцю пладовага віна займаюцца два прадпрыемствы сістэмы спажывецкай кааперацыі, таму рынак яго збыту перанасычаны, – растлумачыў Аляксандр Гадун. – Каб павысіць эфектыўнасць працы завода і забеспечыць яе бясстратнасць, зараз разглядаецца пытанне аб магчымым продажы прадпрыемства як маёмаснага комплексу Магілёўскаму аблспажыўсаюзу, бо ў суседняй вобласці вытворцаў пладовага віна няма.

Складанай назваў Аляксандр Гадун сітуацыю, што склалася на Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыцы. Прадпрыемства стратнае з 2014 года. Высокая крэдыторская запазычанасць, прыпыненне аперацый руху грашовых сродкаў па ўсіх рахунках не дазваляе весці тут паўнавартасную гаспадарчую дзейнасць. Зараз фабрыка з цяжкасцю знаходзіць грошы на заработную плату,  аплату падаходнага падатку і ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Запасы гатовай прадукцыі на складах фабрыкі на 1 красавіка ў 7,2 раза перавышалі сярэднямесячны аб’ём вытворчасці. Паводле слоў Аляксандра Гадуна, пытанне аб перспектывах далейшай працы прадпрыемства застаецца адкрытым.

Дакладчык адзначыў станоўчую дынаміку росту аб’ёмаў будаўніцтва жылля ў раёне. Сёлета ў першым квартале яго ўвялі ў эксплуатацыю ўтрая больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Аб’ём будаўніча-мантажных работ склаў 151,4 працэнта да студзеня-сакавіка 2020 года. Разам з тым, дзяржаўныя арганізацыі камунальнай формы ўласнасці знізілі аб’ёму падрадных работ на 29,1 працэнта да ўзроўню першага квартала мінулага года, у тым ліку –  Чэрвеньскае ПМС (52,1 працэнта) і ПМК-237 (24,1 працэнта).

Таксама Аляксандр Гадун засяродзіў увагу на тым, што раённы камбінат бытавога абслугоўвання за першы квартал года забяспечыў тэмп росту аказання паслуг насельніцтву ў супараўнальных цэнах 118,9 працэнта пры даведзеным заданні  100,1 працэнта, але пры гэтым дапусціў страты ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг і знізіў рэнтабельнасць продажу. Аўтамабільны парк № 20 за студзень-сакавік 2021 года знізіў узровень даходаў як ад пасажырскіх перавозак (97,5 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года), так і ад перавозак грузаў (69,3 працэнта). У цэлым аб’ём выручкі ад рэалізацыі зніжаны тут на 15,3 працэнта.

Намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Наталля Лявонава адзначыла, што выкананне даведзенага задання прагнознага паказчыка па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за першы квартал выканала толькі адно сельгаспрадпрыемства раёна – эксперыментальная база “Натальеўск”: 109,5 працэнта пры заданні 102 працэнты.

Шэсць гаспадарак не выйшлі нават на ўзровень адпаведнага перыяду мінулага года. Гэта ААТ “10 з’езд Саветаў” (71,3 працэнта) “Смалявічы-Сузон” (86,9), “Раванічы” (91,2), ЗАТ “Турэц” (87,6), СВФ “Новыя Зялянкі” (90,2), філіял “Агра-Бокс Заатэх” (93,6 працэнта). У цэлым па раёну вытворчасць малака склала 96,3, вырошчванне буйной рагатай жывёлы – 98,8, свіней – 87,6 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года.

На пасяджэнні заслуханы тлумачэнні кіраўнікоў шэрагу прадпрыемстваў, устаноў і гаспадарак раёна аб прычынах невыканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Старшыня райвыканкама Віталь Казлоў запатрабаваў ад іх распрацаваць памесячныя планы выхаду на станоўчую дынаміку з разглядам на наступных пасяджэннях выканкама.

У прынятым па абмеркаванаму пытанню рашэнні раённага выканаўчага камітэта адзначана эфектыўная праца ў першым квартале калектываў Чэрвеньскага лясгаса, Чэрвеньскай ЖКГ, сельгасфіліялаў “Аграбуд” і “Агра-Бокс”, эксперыментальнай базы “Натальеўск” – па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці, а таксама Чэрвеньскай друкарні – па забеспячэнню росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі, выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ.

Шэраг кіраўнікоў за дапушчаныя пралікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, іншым указалі на недастатковую працу ў першым квартале.

Таксама рашэннем райвыканкама даручана забяспечыць выкананне графіка будаўніцтва і фінансавання жылых дамоў, узвядзенне якіх ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”, і будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, своечасова асвойваць выдзеленыя для гэтага сродкі.

Кіраўнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, арганізацый раёна абавязаны

прыняць дзейсныя меры па выкананню даведзенага задання па ўзроўню заработнай платы ў 2021 годзе за кошт забеспячэння росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі (работ, паслуг), забяспечыць своечасовую і ў поўным аб’ёме штомесячную аплату спажытых прыроднага газу, электрычнай і цеплавой энергіі, а таксама пагашэнне (скарачэнне) пратэрмінаванай запазычанасці, выкананне мерапрыемстваў па зніжэнню ўзроўню выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі (работ, паслуг).

Удзел у пасяджэнні райвыканкама бралі першы намеснік Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Валянцін Шатраўка і дырэктар філіяла НЦПІ – рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Мінскай вобласці Руслан Трухан.

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць