А адказ адгадае кожная бабуля, якая жыве ў вёсцы, і кожны, у каго пажылыя бацькі маюць свой дом з участкам. Магчыма, здагадаліся і чытачы: бабуля Рая, карыстаючыся выпадкам, тут жа спяшаецца ў агарод і пачынае палоць! Яе працоўныя рукі і светапогляд сельскага жыхара не ўяўляюць, як можна жыць без працы. Вось ногі самі і нясуць на градкі. А потым дачка «чытае маралі»: «Мама, ну навошта, у цябе ж ціск!» А Уладзіміраўна рада, душу адвяла.
Усё жыццё яна працавала ў калгасе «Бальшавік» - была тады такая дыхтоўная, дужая гаспадарка побач з горадам. Пажылыя жыхары не толькі Астравоў, але і шматлікіх навакольных вёсак дагэтуль памятаюць старшыню Стальмашонка - адукаванага, ініцыятыўнага кіраўніка, доўгі час стаяўшага «у руля» вялікай гаспадаркі. Памятае яго і Раіса Канапака: «Строгі быў, а за калгасную маёмасць турбаваўся, як за сваю».
Раіса даіла кароў уручную, часам дапамагалі дзеці, асабліва старэйшы сынок: «Я сваім дзяўчынкам у школу касічкі не заплятала... Не было часу - у чатыры раніцы сыходзіла на дойку, а абудзіць дзяцей, каб урокі не праспалі, прасіла суседзяў».
Памятае Уладзіміраўна і сваю ўласную вучобу ў школе. Распавядае, што не хацела, як і многія пасляваенныя школьнікі, вучыць нямецкую мову: «Немцы бацьку майго хацелі застрэліць за сувязь з партызанамі. Таму і не любіла нямецкі, увесь час з фашыстамі яго звязвала».
Дзяўчынкамі Раіса жыла ў Чырвонай Гары. У Астравы за прыгажуна Пецю Канапаку яе насваталі. Калі пераехала да мужа, дом быў не дабудаваны: «Мой бацька добра разбіраўся ў платніцкіх і сталярных працах, ён дапамог дабудаваць гэту хату. Тут нарадзіліся і выраслі дзеткі - сынок і тры дачушкі. Муж рана памёр, у сорак гадоў засталася ўдавой. Але дзяцей падняла, зрабіла для іх, усё што магла. Як я старая стала, Зіна мая прыехала і стала жыць са мной».
Раіса Уладзіміраўна, нягледзячы на ўзрост, чалавек з вострым розумам і пачуццём гумару. Яна любіць пажартаваць, пасмяяцца, можа ўсялякую праблему або спрэчку перавесці на весёлые «рэйкі». А яшчэ Уладзіміраўна - вельмі дапытлівая. Яна ў свае восемдзесят пяць з цікавасцю чытае часопісы, газеты, глядзіць тэлевізар. Калі пачуе незнаёмае слова, то не супакоіцца, пакуль не высветліць яго значэнне.
Акрамя таемных праполак, з хатніх спраў Уладзіміраўна любіць не зусім жаночую, хутчэй, мужчынскую, працу: прыбіць цвiк, падправіць дошку. З вялікім задавальненнем сустракае гасцей і перш за ўсё пытае пра агульных знаёмых ці радню.
Так было і ў дзень яе нараджэння, калі да ветэрана працы прыехалі з віншаваннямі і падарункамі старшыня раённага савета ветэранаў Іван Ладуцька і інспектар па кадрах Чэрвеньскага райаграсэрвіса Ганна Карповіч. Гэта такое спрадвечнае, кранальнае, такі мілае вясковае пытанне: «А чыя ты?..» І пайшло!..
Няхай так ідзе і далей. Хай маладыя карыстаюцца жыццёвым досведам: «Ніколі нікому не жадала зла, можа, таму і доўга жыву». Хай у дом заходзяць добрыя людзі, хай не сканчаюцца гады, поўныя разважлівай мудрасці, няхай гучаць жарты і смех, і хай яшчэ доўга будуць сілы паспяшацца ўпотай ў агарод. З днём нараджэння!
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

