Каманда са Смалявічаў прыехала на матч у не толькі ў статусе лідара зоны “Поўнач”, але і лідара па колькасці забітых мячоў. У папярэдніх гульнях яна ўшчэнт разграміла ніжэйшых па класу сапернікаў – “Беразіно” – 6:0, “Адзінства” – 7:4, “Крупкі-ДРБУ-164” – 9:2, “Вілію” – 6:2, а таксама згуляла ўнічыю – 5:5 – з моцнай “Уздой”. А “Колас” перад гэтай сустрэчай менш за ўсіх прапусціў – усяго чатыры разы. Такім чынам, у вочным паядынку сышліся лепшая атака і лепшая абарона.


Варта было чакаць, што чэрвеньцы, з улікам названых абставін, пачнуць гульню асцярожна. Аднак насамрэч яны са стартавым свістком рашуча пайшлі наперад, і ўжо на 8-й хвіліне Максім Гумінскі прымусіў галкіпера “СМІаўтатранса” вымаць мяч з сеткі.


Не даючы гасцям апамятацца, нашы футбалісты працягвалі ціск на вароты гасцей. Небяспечныя моманты ля іх узнікалі неаднойчы. На 34-й хвіліне колькасць перайшла ў якасць: галкіпер “СМІаўтатранса” не па правілах спыніў у штрафной пляцоўцы Уладзіміра Хурсіка, і Антон Раздюк рэалізаваў пенальці – 2:0.


Другі тайм сустрэчы прайшоў з перавагай смалявіччан. Але надзейная гульня нашых абаронцаў і бездакорныя дзеянні Аляксандра Курыловіча ў варотах звялі намаганні гасцей на нішто.


Дзякуючы гэтай перамозе, “Колас” вярнуў сабе лідарства ў зоне “Поўнач” і мае добрыя перспектывы скончыць першы круг на першым месцы. Бо, паколькі выязны матч чэрвеньцаў з “Уздой” перанесены на другую палову ліпеня, ім засталося правесці дзве гульні з аўтсайдэрамі: 19 чэрвеня дома з “Беразіно” (пачатак – у 16 гадзін), а праз тыдзень – у Дзяржынску з “Адзінствам”.

