Вядома, што вакцынацыя - самы эфектыўны спосаб абароны ад інфекцыйных захворванняў. Гэтая мера прафілактыкі даступна і супраць каранавiруса. Упраўленнем па ахове здароўя Мінаблвыканкама распрацаваны план мерапрыемстваў па вакцынацыі жыхароў вобласці супраць КОВІД-19. Плануецца рэалізаваць яго на працягу 2021-2022 гадоў. Вакцынацыя праходзіць за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Мэта вакцынацыі -фарміраванне калектыўнага імунітэту ў жыхароў. Для гэтага неабходна прышчапіць не менш за 60% насельніцтва вобласці. У Чэрвеньскім раёне - гэта 20 050 чалавек.

У інфармацыйна-адукацыйным матэрыяле Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя гаворыцца, што ў Беларусі ад каронавіруса прышчапляюць расійскай вакцынай. Вакцына распрацавана Міністэрствам абароны РФ і Нацыянальным даследчым цэнтрам эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Н. Ф. Гамалеi. Вакцыну стварылі за пяць месяцаў, яна называецца «Гам-КОВИД-Вак», але яе брэндавыя назва «Спадарожнік V». Гэта вакцына пабудавана на аснове адэнавірусу, у які ўбудаваны ўчастак пэўнага геному. У выніку ў складзе абалонак адэнавірусу з'яўляюцца бялкі-антыгены, на якія пасля выпрацоўваюцца патрэбныя антыцелы.
«Спадарожнік V» уводзяць у два этапы. Спачатку чалавек атрымлівае першую дозу з адэнавірусным вектарам сератыпа 26. Праз 21 дзень - другую дозу на аснове адэнавірусу пятага сератыпу. Гэта зроблена спецыяльна: калі адна з доз спрацавала слаба, таму што ў арганізме ёсць імунітэт да гэтага тыпу адэнавірусу, то другая практычна гарантавана забяспечыць абарону.
Робяць укол у мышцу рукі шпрыцом, як і з большасцю вакцын. Месца ўколу можа трохі пахварэць, рэдка назіраюцца пачырваненне і сверб, але хутка праходзяць самі без спецыяльнага лячэння. Могуць быць боль і сверб у месцы ўколу, а таксама заложанасць носа і боль у горле. Гэта індывідуальныя рэакцыі, якія праходзяць праз адзін, максімум тры дні.
Імунітэт цалкам фармуецца праз тры тыдні пасля другой дозы вакцыны (42-i дзень пасля першага ўколу). У гэты перыяд чалавек яшчэ не канчаткова абаронены, таму неабходна выконваць усе меры прафілактыкі. Маску ў месцах масавага збору людзей неабходна насіць усім, незалежна ад таго, прышчапіўся чалавек ад COVID-19 ці не.
Калі чалавек захварэў пасля прышчэпкі, значыць, у момант вакцынацыі ўжо быў інфікаваны, але з-за адсутнасці сімптомаў не ведаў пра гэта.
Калі інфікаванне адбылося незадоўга або ў дзень вакцынацыі, то праведзеныя да гэтага тэсты на прысутнасць каранавiруса і антыцелаў да яго могуць быць адмоўнымі.
Эфектыўнасць вакцыны «Спадарожнік V» — 91,4 працэнта, гаворыцца на афіцыйным сайце расійскага Цэнтра.
У Чэрвеньскім раёне вакцынацыя супраць КОВIДа ідзе з 12 красавіка. Як распавяла медсястра кабінета па імунапрафілактыцы Вікторыя Касцевіч, каб зрабіць прышчэпку ў чэрвені ці г. п. Смілавічы, неабходна звярнуцца ў рэгістратуру за персанальнай амбулаторнай картай, затым трэба прайсці агляд у тэрапеўта і атрымаць допуск да вакцынацыі. З гэтым дакументам - у працэдурны кабінет. Там зарэгіструюць і папросяць пачакаць: вакцыну трэба размарозіць. Бо захоўваецца яна строга пры тэмпературы мінус 18 градусаў.

У такіх маразільніках захоўваецца вакцына
Для выканання гэтых умоў ЦРБ закупілі дадаткова маразільнікі і тэрмакантэйнеры для дастаўкі вакцыны на ФАПы (сельскім жыхарам трэба запісацца загадзя, патэлефанаваўшы ў медыцынскую ўстанову, абслуговаючыю іх тэрыторыю, пакінуць тэлефон для сувязі). Па словах галоўнага лекара бальніцы Андрэя Прахарэнка, маразільнікі да канца гэтага месяца будуць устаноўлены на ўсіх ФАПах, каб вакцына была пастаянна ў наяўнасці і там.

