Сцерлядзь. Адзіны від сямейства асятровых, які жыве ў стане натуральнай волі ў такіх рэках, як Прыпяць, Сож, Бярэзіна, Дняпро і іх прытоках. У апошнія гады праводзіцца работа па аднаўленні яе папуляцыі. У 2006 годзе 5 тысяч сегалетак сцерлядзі выпусцілі ў Бярэзіну, у 2016 годзе каля 900 асобнікаў – у Прыпяць, а ў 2017 годзе ў Днепр усялілі 1,9 тысячы асобін сцерлядзі на беларускім баку і 30 тысяч асобін на трансгранічным участку з боку Расіі.
Атлантычны ласось (сёмга) і кумжа. Прахадныя віды сямейства ласосевых. Да 50-х гадоў ХХ стагоддзя ласось і кумжа заходзілі з Балтыйскага мора на нераст у Заходнюю Дзвіну, Нёман і Вілію. Сёння абодва віды сустракаюцца падчас нерасту (у кастрычніку-снежні) у вадацёках басейна ракі Вілія на тэрыторыі Астравецкага і Смаргонскага раёнаў Гродзенскай вобласці.
Ручаёвая фарэль. З'яўляецца прэснаводнай жылой (пастаянна знаходзіцца ў адным месцы) формай кумжы. Жыве ў невялікіх рэках і ручаях з чыстай халоднай вадой. Шырока распаўсюджана ў басейнах Нёмана і Віліі. У рэках з дастатковай кармавой базай сустракаюцца буйныя асобіны, у невялікіх ручаях з недастатковай колькасцю корму больш дробныя.
Еўрапейскі харыўс. Адзіны прадстаўнік сямейства харыўсавых у Беларусі. На тэрыторыі рэспублікі жыве ў халоднаводных з высокім утрыманнем кіслароду вадацёках басейна ракі Нёман. Вядзе аселы лад жыцця.
Еўрапейская корушка (сняток). Жыве ў азёрах Беларусі, адрозніваецца ад прахадной карушкі значна меншымі памерамі. Сустракаецца ў басейне ракі Заходняя Дзвіна – азёры Дрывяты, Снуды, Струста, Волас, Рычы (Браслаўскі р-н), Доўгае (Глыбоцкі р-н), Рудакова (Мядзельскі р-н).
Гальян азёрны. У адрозненне ад рачнога гальяна, азёрнага можна сустрэць у моцна зарослых расліннасцю азёрах, гэты від пераносіць без наступстваў нізкае ўтрыманне кіслароду ў вадзе. У некаторай ступені нагадвае ліна, таму яго часам называюць лiнёк.
Звычайны вусач. Паўпраходная рыба сямейства карпавых. Здзяйсняе значныя нераставыя міграцыі. Жыве ў рэках Нёман, Вілія, Заходні Буг і іх прытоках. Дняпроўскі вусач сустракаецца ў рацэ Днепр і яе прытоках - Бярэзіне, Друці, Прыпяці, Сожы.
Рыбец. Лічыцца прахадной рыбай, якая заходзіць у рэкі для нерасту з прывусцевых участкаў мораў, аднак у межах Беларусі з'яўляецца тыпова прэснаводнай формай. Сустракаецца ў басейнах рэк Заходні Буг, Нёман, Заходняя Дзвіна, вярхоўях Дняпра. У сувязі з высокай патрабавальнасцю да месцаў нерасту рыбец ранняй вясной здзяйсняе працяглыя міграцыі ў вярхоўі рэк.
Фатаграфіі і падрабязнае апісанне вышэйзгаданых відаў рыб вы можаце знайсці на афіцыйным сайце Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Намеснік начальніка
Бярэзінскай міжраённай інспекцыі
аховы жывёльнага і расліннага свету Д. П. Жукоўскі
05.07.2021

