У в. Натальеўск згарэў дом
У мінулую пятніцу каля гадзіны ночы ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення раённага аддзела па НС паступіла паведамленне аб пажары ў прыватным доме ў в. Натальеўск. У выніку пажару цалкам знішчаны дах, пашкоджана столевае перакрыццё, закураны сцены, пашкоджана маёмасць.
Як распавяла Юлія Мурашка, вечарам у гаспадароў дома, шлюбнай пары пенсіянераў, пачаліся перабоі з электрычнасцю. Замяніўшы пробкі на электрашчыце, яны адправіліся адпачываць. Ноччу гаспадары прачнуліся ад трэска, гук якога нагадваў моцны ліўневы дождж. Аказалася, што дах гарыць адкрытым полымем. Гаспадары выйшлі на вуліцу і выклікалі ратавальнікаў.
Прычына пажару ўстанаўліваецца. Разглядаецца версія парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

У в. Хвойнікі пажар знішчыў дах у адным з пакояў кватэры
Учора каля дзвюх гадзін ночы ратавальнікі атрымалі паведамленне аб загаранні ў кватэры жылога шматкватэрнага дома ў в. Хвойнікі.
Па словах Юліі Мурашка, гаспадары, маладая дзяўчына з двума дзецьмі, у гэтую ноч у кватэры адсутнічалі. На шчасце, праязджаўшы побач з домам малады чалавек, апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы. Ён убачыў адкрыты агонь на даху і выклікаў ратавальнікаў. У выніку пажару пашкоджаны дах аднаго з пакояў.
Прычына пажару ўстанаўліваецца. Разглядаецца версія парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

- Узнікненне загаранняў у жылых дамах часта звязана з электрычнасцю, няхай гэта будзе парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электраабсталявання або няспраўнасць або зношанасць электрычнай сеткі – каментуе першы намеснік начальніка Чэрвеньскага РАНС Павел Плікус. - Па дадзеных статыстыкі, электраправодка з'яўляецца найбольш пажаранебяспечным вiдам электраўстановак. Найбольш распаўсюджанымі прычынамі ўзнікнення загаранняў з'яўляюцца перагрузкі электраправодкі і кароткія замыканнi.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях нагадвае аб захаванні правілаў эксплуатацыі электраправодкі і электрычных прыбораў:
Забараняецца:
- эксплуатаваць электрапровады і кабелі з бачнымі парушэннямі ізаляцыі;
- карыстацца разеткамі з пашкоджаннямі;
- карыстацца электранагравальнымі прыборамі, якія не маюць прылад цеплавой абароны, а таксама пры адсутнасці або няспраўнасці тэрмарэгулятараў, прадугледжаных канструкцыяй;
- ужываць самаробныя электранагравальныя прыборы;
- выкарыстоўваць самаробныя электранагравальныя прыборы, асабліва вялікай магутнасці, на якую электрасетка дома не разлічана.
- пакідаць без нагляду ўключанымі ў электрычную сетку электранагравальныя прыборы, у тым ліку тыя, што знаходзяцца ў рэжыме чакання, за выключэннем тых, якія могуць або павінны знаходзіцца ў кругласутачным рэжыме працы ў адпаведнасці з інструкцыяй завода-вытворцы;
-размяшчаць у электрашчыта гаручыя, лёгкія на загаранне рэчывы і матэрыялы;
- выкарыстоўваць часовую электраправодку, а таксама падаўжальнікі для харчавання электрапрыбораў.
Пажарная бяспека электраправодак забяспечваецца захаваннем наступных асноўных патрабаванняў:
- правільным выбарам вiду электраправодкі і спосабу яе пракладкі;
- адпаведнасцю вiду электраправодкі і характарыстык выкарыстоўваемых правадоў, кабеляў і труб дапушчальным спосабам пракладкі па падтрымліваючых падмурках і канструкцыях;
- правільным выбарам электраабароны;
- мантаж электраправодкі павінен ажыццяўляцца спецыялістамі.
Памятаеце! Захаванне правілаў бяспекі дапаможа зберагчы ваша жыццё і здароўе, а таксама захаваць маёмасць!
Запісала Галіна АКБАЛ

