Атрад «Ігумень» на будоўлі ў ПМК-237
Атрад Смілавіцкага аграрнага каледжа з 31 мая па 11 чэрвеня працаваў у ААТ «Запольскае».
Атрад Смілавіцкага сельскагаспадарчага ліцэя з 7 па 18 чэрвеня працаваў у ААТ «Запольскае».
Атрад Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя з 7 па 18 чэрвеня і з 21 чэрвеня па 2 ліпеня працаваў у ПМК-237.

Атрад «Ліцэіст» у ААТ «Запольскае»
На сайце Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя ёсць адмысловая рубрыка, прысвечаная будатрадаўскаму руху. Там можна не толькі прачытаць пра працу цяперашняга ліцэйскага будатрада, але і даведацца шмат цікавага з гісторыі. Напрыклад, пра тое, што першыя будатрады з'явіліся яшчэ ў пачатку шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя:
«У 1963 годзе ва Уральскую вобласць Казахстана выехалі 2 500 беларускіх студэнтаў з 16 ВНУ рэспублікі. Першым камандзірам Беларускага зводнага цаліннага атрада быў выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута Нолiс Варонін, камісарам - студэнт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава Вячаслаў Макарскі. Працоўны семестр доўжыўся 70 дзён. Зводны атрад удзельнічаў у будаўніцтве 362 аб'ектаў жыллёвага і культурна-бытавога прызначэння ў 41 гаспадарцы Заходне-Казахстанскага краю. У стэпi пабудавана 100 жылых дамоў, 18 інтэрнатаў, 34 культурна-бытавых аб'екта, 6 майстэрняў, 8 школ, лазні, склады.
У 1964 годзе на будоўлях, у калгасах і саўгасах Казахстана і Беларусі працавала ўжо 7 тысяч студэнтаў. Пабудавана 4 школы-інтэрната, 193 жылыя дамы, 274 бытавых і вытворчых аб'екта».
Цяперашняя беларуская моладзь не з'язджае на ўсё лета ў Казахстан, каб там здзяйсняць працоўныя подзвігі. Хлопцы працуюць на роднай зямлі, хтосці - у сельскай гаспадарцы, хтосці - на будоўлі ці ў лясніцтве. Аднак традыцыя, народжаная няўрымслівымi бабулямі і дзядулямі цяперашніх студатрадаўцаў, жывая, нягледзячы ні на што.
Так, у Смілавіцкім сельскагаспадарчым ліцэі ў гэтым годзе не толькі стварылі студатрад, але нават назву ўзялі тую ж, што і ў ранейшыя гады: «Ліцэіст». Самыя працавітыя навучэнцы яшчэ ранняй вясной вырашылі працаваць у летнія канікулы і запісаліся загадзя. Шмат папярэдняй, але вельмі важнай працы прарабіў штаб студатрада: правялі перамовы з наймальнікамі, абмеркавалі ўмовы працы, склалі дамовы. І ў апошніх чыслах мая атрад з дванаццаці дзяўчат і хлопцаў пачаў працу ў сельгаспрадпрыемстве «Запольскае». Кіраўнік атрада Алена Цісецкая распавяла, што ўсе хлопцы былі забяспечаны спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай абароны, кожную раніцу з імі штодня праводзілі інструктаж па ахове працы: «Працоўная змена пайшла маім падапечным на карысць: яны атрымалі і долю рамантыкі, і грошы, а акрамя таго, набылі досвед працы ў калектыве, што таксама вельмі важна».
Як адзначыла кіраўнік студатрада «Iгумен» Чэрвеньскага ліцэя Кацярына Ханецкая, праца ў канікулы - гэта добры вопыт у засваенні прафесіі: «Я ўпэўнена, што час, праведзены ў трэцім працоўным семестры, не пройдзе дарам для дзяцей са студатрада. Яны яшчэ вучацца, але ўжо пабывалі на працоўных месцах, спасцігаючы азы будаўнічых спецыяльнасцяў. Акрамя таго, у нашым «Ігумене» заўсёды было весела, і мы ўсе пасябравалі».

Атрад «Iгумен» у ПМК-237
Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Марыя Чарняўская, у дадзены момант рыхтуюцца да працы новыя атрады: «Асаблівасцю будзе тое, што ў склад гэтых атрадаў увойдуць не толькі студэнты і навучэнцы ліцэяў і каледжаў, а і школьнікі. Наша арганізацыя з'яўляецца арганізатарам студатрадаўскага руху, таму мы ўважліва сочым за выкананнем усіх умоў. Напрыклад, у атрад не бяруць дзяцей малодшай 14 гадоў, усе хлопцы працуюць не больш за 4 гадзіны. Таксама адзначу, што хоць атрады, - іх меркавана будзе два, - ужо амаль сфармаваны, але хто не паспеў - той не спазніўся: яшчэ можна падаць заяўку ў райкам і паспець атрымаць сваю долю задавальнення ад дачынення да вялікага маладзёжнага руху, які прыносіць сапраўдную карысць грамадству!»
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Кацярыны Ханецкай

