Летнія гульнявыя марафоны ў Цэнтры культуры задумалі даўно. У канцы мінулага года ў РЦКiД пачаў працу падлеткавы клуб-тайм настольных гульняў «OMGame». Яго прыдумалі, каб стварыць для юных чэрвенцаў пазітыўную атмасферу, адкрыць для іх новыя захапленні і даць магчымасць пазнаёміцца з аднагодкамі. Гуляць можна было як каму зручней: хочаш - за столікам, хочаш - на пуфiку, хочаш – на дыване з падушкамі. Для розных гульняў - розныя зоны, гучыць нягучная музыка, гуляць можна і ўдваіх, і ў 15... Як гэта... у пятнаццацi? Увогуле, да 15 чалавек кампанія магла прыходзіць. Але гэта ў будынку. А пад адкрытым небам, цікава, колькі ж? Высветліць павінны былі летам. І вось гэты час настаў. Здадзены ўсе экзамены, адпрацаваны практыкі, канікулы па-сапраўднаму ўступілі ў правы, і да РЦКiД пацягнулася доўгая чарада «мірных грамадзян», якія жадаюць пасупернічаць з «мафіяй». Для аматараў іншых настольных гульняў таксама знайшлося, чым заняцца: «Iмаджынарыўм» і «Alias», «Манаполія» і «Джэнг», «Бэнг!» і «Бітва чараўнікоў», «Свінтус», «Выбуховыя кацяняты» — увогуле, зялёная пляцоўка вакол РЦКiД ператварылася ў адну вялікую гульнявую залу open-air, гэта значыць пад адкрытым небам.

Першымі «абкочвалі праграму» навучэнцы Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя, адпачываючыя ў тамтэйшым летнім лагеры. Яны з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне цэнтра цікава правесці час. А вядучымі ўсяго гэтага маленькага гульнявога раю сталі прызнаныя асы зносін з моладдзю, спецыялісты Цэнтра Вольга Кузюткiна і Яўген Кандраценка.

Хлопцы апынуліся сапраўднымі прафесіяналамі: пагадзіцеся, тры гадзіны запар весці розныя гульні не кожны вытрымае, і язык забаліць, і ў галаве ўсё пераблытаецца. Але на тое яна і спецыяльная адукацыя: Оля і Жэня па-сапраўднаму захапілі хлопцаў, і цяпер тыя з нецярпеннем чакаюць дзявятага чысла - у гэты дзень яны зноў прыйдуць гуляць у «Кацянят», «Манаполію» і ўсё астатняе. Я, па праўдзе кажучы, чалавек не зайздросны, але тут ужо сапраўды, што і казаць - пашанцавала некаторым!..
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Вольгі КУЗЮТКIНАЙ

