Сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” традыцыйна – сярод лідараў па ўраджайнасці гэтай культуры ў раёне. Тут у сярэднім з гектара атрымалі 31 цэнтнер алейнага насення.
Камбайнер Мікалай Зуськоў і памочнік камбайнера Мікалай Ларыёнаў.
– Сёлета мы вырошчвалі азімы рапс на 350 гектарах, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. – Выкарыстоўвалі чатыры гібрыдныя гатункі – “Дарыёт”, “Рохан”, “Арыёлус” и “Куга”. Найлепш паказалі сябе два апошнія – 35 і 36 цэнтнераў з гектара, адпаведна. Ураджайнасць магла б быць і лепшай, але восеньскі лівень, які прайшоў неўзабаве пасля пасеву рапсу, змыў на некаторых палетках частку насення. А ў цэлым дасягнутаму выніку паспрыяла строгае выкананне тэхналогіі вырошчавання. У прыватнасці, унясенне мінеральных угнаенняў у неабходных дозах, хімічныя апрацоўкі пасеваў ад шкоднікаў і хвароб.

Галоўны аграном Леанард Мельнік.
Убралі рапс трыма камбайнамі за шэсць дзён, намалацілі 1086 тон алейнага насення. Усё яно ўжо прайшло дапрацоўку. Цэны на рапс добрыя: 1400-1500 рублёў за тону, так што пры нашай ураджайнасці рэнтабельнасць культуры будзе высокай…

Вадзіцелі на адвозцы збожжа Уладзімір Бандаровіч і Сяргей Анціфееў.
Лідзіруе гаспадарка ў раёне і па ўраджайнасці зерневых культур. Першым тут пачалі ўбіраць ячмень. Ён дае па 39 цэнтнераў з гектара.
– Плануем атрымаць сёлета не менш за 3300 тон збожжа, – кажа Леанард Мельнік. – Нягледзячы на тое, што асобныя палеткі падсушыла, у цэлым віды на ўраджай неблагія.

Камбайнер Сяргей Ларыёнаў і памочнік камбайнера Дзмітрый Калтовіч.
Уборачныя работы ў СВФ “Аграбуд” вядуць у комплексе. З палёў убіраюць салому і заворваюць іх, каб праз два тыдні пачаць сяўбу азімага рапсу.
Ігар АДАМОВІЧ

