Пытанні бяспекі працы на жніве знаходзяцца на пастаянным кантролі мабільнай групы райвыканкама і супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
- Мабільная група раённага выканаўчага камітэта па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні выканання заканадаўства аб ахове працы праводзіць рэгулярныя абследаваннi арганізацый раёна, у тым ліку і сельскагаспадарчых, – распавяла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Калтовіч. - З пачатку года абследавана 46 прадпрыемстваў, у тым ліку 26 – сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Выяўлена 539 парушэнняў, 357 з якіх прыпадаюць на аграпрамысловы комплекс. У працы мабільнай групы актыўны ўдзел прымаюць прадстаўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

На гэтым тыдні ў рамках месячніка «Уборачная без траўматызму» мабільная група разам з галоўным дзяржаўным інспектарам Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента Юрыем Цепляковым пабывала ў эксперыментальнай базе «Натальеўск», ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс», КСУП «Валевачы» і ААТ «Запольскае». У яе склад таксама ўвайшлі галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Коваль, галоўны санітарны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Свядыш і галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Кацько. Асаблівая ўвага падчас рэйду надавалася пытанням забеспячэння аховы працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму.

– Падчас уборачнай кампаніі мы правяраем, цi забяспечаны працаўнікі сродкамі індывідуальнай абароны, медыцынскімі аптэчкамі першай дапамогі, ручнікамі і сродкамі гігіены, ці выконваецца пітной рэжым, – распавёў Юрый Цеплякоў. - Таксама кантралюем праходжанне інструктажоў па ахове працы, абследуем стан ахоўнай загараджальнай тэхнікі на абсталяванні. Кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый выдаем рэкамендацыі і ўстанаўліваем тэрміны ліквідацыі парушэнняў.

Супрацоўнікі РАНС за мінулыя выхадныя пабывалі ў ААТ «Раванічы», СПФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон», КСУП «Валевачы», ААТ «10 з'езд саветаў» і «Запольскае», філіяле «Агра-Бокс» СП «Унібокс», СПФ «Новыя Зялёнкі» ААТ «Мінскі малочны завод №1». Практычна ўсе выяўленыя парушэнні былі ліквідаваны на месцы.

– Наша праца накіравана на папярэджанне пажараў і іншых надзвычайных сітуацый у перыяд самай гарачай пары – жніва, як у полi, так і на аб'ектах сельскай гаспадаркі, – распавёў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Кулага. - Задача хлебаробаў - сабраць пабольш збожжа. Ратавальнікаў - захаваць ураджай і сельскагаспадарчую тэхніку.

Галіна АКБАЛ. Фота аўтара

