На тэрыторыі Чэрвеньскага раёна арганізавана дзейнасць 9 назіральных камісій. Пры правядзенні адрасных абследаванняў пільная ўвага звяртаецца на супрацьпажарны стан умоў пражывання адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў, шматдзетных сем'яў і сем'яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, іншых катэгорый грамадзян.
Праходзячы дом за домам члены назіральнай камісіі інфармуюць грамадзян аб спосабах і сродках забеспячэння асабістай бяспекі, праводзяць навучанне насельніцтва мерам пажарнай і электратэхнічнай бяспекі, правілам карыстання газам у побыце, праводзяць інфармацыйна-асветніцкую працу па папярэджанні ўжывання алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, распаўсюджвання і ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, а таксама па папярэджанні гвалту ў сям'і.
З мэтай правядзення якаснага абследавання домаўладанняў члены назіральных камісій рэгулярна праходзяць навучанне пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў розных міжведамасных арганізацый, не менш зацікаўленых у захаванні грамадзянамі мер бяспекі.
У раённым цэнтры бяспекі на базе ДУА «Сярэдняя школа №4 г. Чэрвеня» прайшоў навучальны семінар для старшыняў назіральных камісій па правілах пажарнай бяспекі. У цэнтры маецца магчымасць вывучыць тыпавыя памылкі і іх наступствы, якія часта сустракаюцца ў домаўладаннях. З дапамогай спецыяльнага планшэта старшыні назіральных камісій убачылі ў рэжыме рэальнага часу, што можа адбыцца калі ў печы маюцца расколіны, наступствы перагрузкі і выкарыстання няспраўнага электраабсталявання, а таксама неасцярожнага абыходжання з агнём.
Падобны семiнар дазволіў не на словах, а на практыцы адпрацаваць атрыманыя веды.

