Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

01 Верасень 2021

У Чэрвеньскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавалі пляцоўку з ветэранамі працы

Дыялогавыя пляцоўкі сталі эфектыўным спосабам зносін паміж прадстаўнікамі ўлады і мясцовымі жыхарамі. Галоўная іх задача - выяўляць праблемы і сумесна знаходзіць аптымальныя шляхі іх вырашэння.

У аддзяленні забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на сустрэчу з намеснікам старшыні райвыканкама Лідзіяй Шчацінкай, работнікамі аддзелаў райвыканкама і службаў раёна сабраліся ветэраны працы.

У пачатку дыялогу, які тычыўся пытанняў бяспечнага пражывання пажылых людзей, намеснік дырэктара цэнтра Кацярына Русецкая расказала аб паслугах, якія тут аказваюць, аб праектах і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў сацыяльнай установе. Цяпер у аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых актыўна займаюцца, размаўляюць, спяваюць і спаборнічаюць пяцьдзесят чалавек. Яны ж дапамагаюць сацыяльным работнікам даглядаць за адзінокімі, нямоглымі суседзямі, клапоцяцца аб бяспечных умовах іх пражывання.

Аб пільнасці і асцярожнасці пры зносінах з незнаёмымі людзьмі вёў размову ўчастковы інспектар міліцыі Чэрвеньскага РАУС Уладзімір Мажароўскі. Ён распавёў пра кiбермахлярах, іх прыёмы і хітрыкі, на якія часцей за ўсё трапляюцца даверлівыя пажылыя людзі.

1 9 21 3

Адзін з удзельнікаў сустрэчы Валянцін Пракаповіч папрасіў, каб міліцыя праехала з рэйдам па цэнтры горада, у прыватнасці, каля гарадской кацельні. Жыхары аднаго з дамоў скардзяцца на хуліганскія дзеянні моладзі і прычыненне шкоды маёмасці. Удзельнікаў дыялогу таксама хвалявала тое, што ў дзіцячым парку і лесапарку ламаюць лаўкі, абсталяванне. Адзін з пенсіянераў прапанаваў усталяваць там фотапасткі. А яшчэ Валянцін Пракаповіч падняў праблему аб вышыні так званых «ляжачых паліцэйскіх» на вуліцах горада. На яго погляд, яны абсталяваны вельмі адвольна: дзесцi вышэй, дзесцi ніжэй.

Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Юлія Мурашка нагадала ўдзельнікам дыялогу правілы бяспечнага карыстання электрапрыборамі, распавяла пра тое, як падрыхтаваць печ да зімы і як правільна спальваць смецце на прысядзібных участках. Юлія прывяла прыклад, калі аўтаномны пажарны апавяшчальнік выратаваў жыццё пажылой жыхарцы нашага раёна, падаўшы гукавы сігнал пры задымленні і абудзіўшы жанчыну.

Прадстаўніку службы ратавання задаў пытанне Барыс Гурэвіч. Ён распавёў пра здарэнне ў пад'ездзе шматпавярхоўкі на вуліцы Мінскай, дзе сам жыве. Падчас лiўня праз дзірку ў даху на апошні паверх хлынула вада, трапіла ў электрашчыт, які стаў іскрыць. Патэлефанавалі ў службу «115». Работнікі ЖКГ прыехалі толькі на наступны дзень. Юлія Мурашка патлумачыла, што «115» - Рэспубліканская камунальная служба. У дадзеным выпадку трэба было тэлефанаваць у электрасеткі, РАНС або міліцыю. Праз раённыя службы на паведамленне адрэагуюць хутчэй. Інспектар таксама нагадала адзіны нумар службы ратавання - «112». Яна папрасіла запісаць гэты нумар у тэлефон, не губляцца і не панікаваць, калі трапілі ў складаную сітуацыю, напрыклад, заблукалі ў лесе.

Пра здароўе і бяспеку казала загадчыца паліклінікай цэнтральнай раённай бальніцы Дзіяна Іванюк. Прадбачыўшы пытанні і прэтэнзіі з нагоды працы ўстановы аховы здароўя, яна адзначыла, што перад медыцынскімі работнікамі паліклінікі стаіць задача даступна і якасна абслужыць кожнага пацыента. Сітуацыя на сённяшні дзень такая: на сем участкаў горада працуе тры лекара. У хірургічным кабінеце прымае толькі адзін хірург. Талонная сістэма, хоць на яе і столькі нараканняў, створана для таго, каб разгрузіць чаргу. Таму не трэба сядзець у паліклініцы цэлы дзень. Дастаткова прыйсці да пазначанага часу. Лекар прыме ўсіх. Хоць бываюць і экстранныя выпадкі, калі яго выклікаюць у прыёмны пакой ці на кансультацыю. Таксама лекары выязджаюць на выклікі на дом.

Дыяна Іванюк распавяла, што па ўзроўні захворвання каранавірусам наш раён знаходзіцца ў сярэдзіне сярод рэгіёнаў Мінскай вобласці.

Яна нагадала, што па-ранейшаму трэба выконваць меры прафілактыкі і абароны: насіць маскі, рабіць прышчэпкі.

З залы пацікавіліся, калі ў Чэрвені можна будзе зрабіць УГД малочнай залозы. Дзіяна Іванюк паведаміла, што гэта паслуга стане даступнай у нашай бальніцы ўжо з сярэдзіны верасня.

Завяршаючы сустрэчу, намеснік старшыні райвыканкама Лідзія Шчацінка падзякавала яе ўдзельнікаў за актыўную жыццёвую пазіцыю, неабыякавасць, парады і падказкі. Яна запэўніла, што ўсе праблемныя пытанні і пажаданні, якія паступілі падчас дыялогу, абавязкова будуць прааналізаваны і адпраўлены для рэагавання ў адпаведныя службы.

Галіна Гамеза

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць