Пасля летніх канікулаў і дзеці, і педагогі прыйшлі на яе з хваляваннем. А для дырэктара Сяргея Сушы, які напярэдадні ўзначаліў Валевачоўскую школу, хваляванне было падвоеным.

Віншуючы ўсіх са святам, ён падкрэсліў, што сучасны свет змяняецца вельмі хутка, і за гэтымі зменамі трэба паспяваць. Кіраўнік навучальнай установы шчыра падзякаваў раённаму выканаўчаму камітэту, настаўнікам, вучням за дапамогу ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года. Асобную ўдзячнасць ён выказаў спонсарам – сельгаспрадпрыемству “Валевачы” (дырэктар Андрэй Мохань), рыбгасу “Волма” (дырэктар Аляксандр Кулікоўскі), Чэрвеньскаму лясгасу (дырэктар Андрэй Галкоўскі), прыватным прадпрымальнікам Мікалаю Барзову, Вячаславу Тарасевічу і іншым.
Вось так, талакою, у Валевачах зрабілі ўсё магчымае, каб школа сустрэла дзяцей пахам свежай фарбы, чысцінёй і ўтульнасцю калідораў, класных пакояў. Думкай пра тое, што разам можна зрабіць вельмі шмат было прасякнута і выступленне намесніка старшыні райвыканкама Лідзіі Шчацінкі.

– Кожны з нас з пяшчотай у голасе і трапятаннем у сэрцы ўспамінае свае школьныя гады, свой першы школьны званок, – сказала яна. – Гэта заўсёды значна і важна. Жадаю выдатных ведаў, каб вы сваімі дасягненнямі славілі родную школу, Чэрвеньшчыну і нашу краіну.
З прыемнай місіяй завітала на Дзень ведаў у Валевачы намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец. Яна ўручыла ўзнагароды за актыўны ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес!” вучню школы Аляксею Ермаловічу і кіраўніку яго навуковай работы настаўніцы Вользе Ермаловіч.

Па добрай традыцыі кожны першакласнік атрымаў на ўрачыстасці падарунак ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі – кнігу “Беларусь – наша радзіма”.

Адзінаццацікласнік Шырхан Кавалевіч і першакласніца Ева Крук далі сімвалічны першы званок.

А напрыканцы будучыя выпускнікі ўзялі малых за рукі і ўвайшлі ў будынак школы на ўрок, прысвечаны Году народнага адзінства.
Ігар АДАМОВІЧ

