Режим работы
Рэжым работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30
×

Папярэджанне

JUser::_load: Не атрымалася загрузіць карыстальніка з ID: 837

08 Верасень 2021

Капыль гасцінна прыняў Дзень беларускага пісьменства

XXVIII Дзень беларускага пісьменства прайшоў 4-5 верасня ў старажытным Капылі.

Адно з адметных яго мерапрыемстваў – адкрыццё памятнага знака “Майстар-гарбар”. Ён увасабляе рабочага-рамесніка местачковага Капыля канца ХIХ пр – першай паловы ХХ стагоддзя і прысвечаны Цішку Гартнаму (Зміцеру Жылуновічу).

Менавіта тут, у гарбарнай майстэрні, дзе зараз знаходзіцца Капыльскі раённы краязнаўчы музей, пачынаў працаваць мясцовы малады пісьменнік. Падчас адкрыцця знака, насупраць музея разгарнуў выставу музей Станіслава Манюшкі са Смілавічаў.

Выкладчыкі Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў выканалі адзін з паланэзаў нашага знакамітага земляка-кампазітара, пад які танцавалі дзяўчаты ў сукенках стылю яго сучасніц.

Ва ўрачыстым адкрыцці свята бралі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

Ігар Петрышэнка зачытаў прывітанне, накіраванае ўдзельнікам Дня беларускага пісьменства Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. “Дзякуючы нашым славутым класікам і новаму пакаленню таленавітай і патрыятычнай моладзі, мы зберагаем гістарычную памяць беларускага народа, усталёўваем у грамадстве яго галоўныя каштоўнасці — сумленнасць, справядлівасць, талерантнасць, павагу да чалавека працы і вялікую любоў да роднай зямлі. Праўдзівае, адказнае і сумленнае роднае слова — залог кансалідацыі грамадства, на падмурку якога мы зможам і надалей паспяхова будаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну”, – у прыватнасці, гаворыцца ў ім.

Віншаванне землякам-беларусам даслаў з далёкага космасу і ўраджэнец Чэрвеня Алег Навіцкі. Ён з пачуццём прачытаў ўрывак з верша Максіма Танка “Рукі маці”.

Цудоўным падарункам для капылян стала Алея пісьменнікаў, якая размясцілася ў цэнтры горада. На ёй размешчаны інтэрактыўныя лаўкі, кожная з якіх пазначана літарамі кірыліцы (у адпаведнасці з імёнамі пісьменнікаў: А — Адам Русак, Алесь Адамовіч і гэтак далей). На ўсе літары нанесены QR-код. Пры навядзенні на яго экрана мабільнага тэлефона можна даведацца, якому канкрэтна пісьменніку яна прысвечана і аўтарам якіх твораў з’яўляецца літаратар. Дарэчы, Капыльшчына выпеставала больш за паўсотні майстроў слова. Сярод іх – Анатоль Астрэйка, Ян Скрыган, Кузьма Чорны, Сцяпан Аляксандровіч і іншыя.

Яшчэ адна знакавая падзея, якая адбылася падчас свята – гашэнне канверта з арыгінальнай маркай “Дзень беларускага пісьменства ў Капылі” ў паштовым павільёне Мінскага філіяла РУП «Белпошта”.

Кульмінацыяй свята стала ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі за творы, напісаныя ў 2020 годзе. Узнагароды лаўрэатам уручылі міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пісьменнік Мікалай Чаргінец. Пераможцам у намінацыі “Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі” стаў Віктар Шніп – за зборнік “Белае, чорнае і залатое”, а ў намінацыі “Лепшы твор прозы” – Віктар Праўдзін – за кнігу “Парыж, Эйфелева вежа і…”. У намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі” адзначана кніга Аляксандра Карлюкевіча “Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі”, а лепшымі публіцыстычнымі творамі названыя кнігі “Дыскрэтны падыход да назірання жыцця”, “Мой фізмат” (серыя “Люстэрка лёсу») Аляксандра Радзькова. У намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” перамагла Валянціна Паліканіна з кнігай “Мацнейшая за ўсіх дабрыня”. Лепшым дэбютантам стала Кацярына Стройлова з кнігай «Насустрач Каханню».

Добры настрой яркімі музычнымі нумарамі стварылі капылянам і гасцям горада творчыя калектывы і зоркі беларускай эстрады. На адной з гандлёвых пляцовак радаваў выкананнем беларускіх песень народны ансамбль “Вербніца” Чэрвеньскага раённага Цэнтра культуры і адпачынку.

У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе у Добрушы Гомельскай вобласці.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара

Інвестыцыйныя прапановы

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць