Выкладае кітайскі настаўнік англійскай і нямецкай моў Вольга Лобан. Яна скончыла лінгвістычны універсітэт. Кітайскі вывучала ў Інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя пры БДУ. На пытанне, чаму ж усё-такі кітайскі, Вольга адказвае:
- У гімназіі, дзе вучацца мае дзеці, упраўленне адукацыі, спорту і турызму праводзіла апытанне сярод школьнікаў, ці цікава было б ім вывучаць кітайскую мову? Я тады падумала, што, магчыма, кітайскі ўвядуць у праграму. А спецыялістаў у раёне няма. Чаму б не быць «піянерам», першым з выкладчыкаў не прайсці перападрыхтоўку. Я люблю ўсё новае, вывучаць замежныя мовы мне цікава.
Вольга распавяла, што яшчэ на этапе сумоўя ў Інстытут кітаязнаўства абітурыентаў папярэджвалі: будзе цяжка, нагрузка вялікая. Інтэнсіўны курс, разлічаны ўсяго на два гады. І гэта - кітайскі, адна з самых складаных моў у свеце! Але Вольга - вялікая працаўніца. Будучы мамай траіх дзяцей, здолела прайсці ў Інстытуце двухгадовую перападрыхтоўку і ў ліпені гэтага года атрымала дыплом выкладчыка кітайскай мовы.

Вядома, не ўсе вучні школы вывучаюць кітайскi. Гэта пакуль пяты і дзявяты класы. Малады выкладчык адзначае, што прынцып навучання кітайскаму той жа, што і іншым замежным мовам у рамках школьнай праграмы - фанетыка, граматыка, напрацоўка лексікі... Для кожнага занятка Вольга складае план і ставіць маленькую мэту, якую разам з хлопцамі яны дасягаюць на ўроку. Адметная рыса кітайскага - іерогліфы. Правільна іх пісаць няпроста! Не менш складана іх правільна вымавіць, так як ёсць істотныя адрозненні ад таго ж англійскага вымаўлення. Дапамагаюць аўдыё-ўрокі, так прасцей запомніць і вымавіць гукі ў чатырох танах кітайскай мовы. Тэкст у транскрыпцыі настаўнік піша на дошцы.
Факультатыў не прадугледжвае хатняга задання, але старшакласнікі вітаюць самастойную працу дома. Яны ўжо заматываваны: за тры пакінутыя гады ў школе хочуць атрымаць максімум ведаў, змогуць бліжэй пазнаёміцца з культурай кітайскага народа, яго звычаямі і традыцыямі.
Для малодшых школьнікаў вывучэнне кітайскага - займальная гульня, ім дастаткова матэрыялу на занятку. Іншыя школьнікі ўжо таксама праяўляюць цікавасць да вывучэння мовы. Сямікласнікі могуць прыходзіць на заняткі да пятага класа. А восьмы клас займаецца з дзевятым.

Пад новы прадмет у школе пераабсталявалі былы кабінет геаграфіі. Займацца ў такім класе адно задавальненне. Нават дызайн прадумалі. Бо сімвал Кітая - панда, а Беларусі - васілёк, то сцены класа выкладчыкі школы Таццяна Шуканава і Лідзія Жукава пры дапамозе членаў клуба ЮНЕСКА «Факел» размалявалі ў адпаведнай тэматыцы.
Вольга Лобан адзначае, што, як ва ўсім новым і незнаёмым, ёсць і цяжкасці. Напрыклад, няма падручнікаў. Ёсць толькі дапаможнікi для спецыялістаў. Гэта падручнікі ў электронным выглядзе, матэрыялы з якіх трэба раздрукоўваць на кожны занятак. І тут, упэўнены выкладчык, вельмі важна старанне дзіцяці і яго здольнасць запамінаць. Так што першыя наважыўшыся вывучаць кітайскі – смелыя хлопцы, не ўсе, хто баіцца цяжкасцяў!
Застаецца сказаць ім: «Чжу нiмэн хао юнь!», што ў перакладзе азначае «Жадаем поспеху»!
Галіна АКБАЛ. Фота аўтара

