Пра тое, якія мерапрыемствы праводзяцца ў раёне па падтрыманні ў належным стане населеных пунктаў, сельскагаспадарчых і гісторыка-культурных аб'ектаў, па азеляненні тэрыторый, уборцы адходаў, а таксама аб выніках кантрольных мерапрыемстваў распавялі «Раеннаму весніку» начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Пузанкоў і галоўны санітарны ўрач раёна Наталля Свядыш.
- Праца па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў вядзецца ў адпаведнасці з планам, зацверджаным рашэннем раённага выканаўчага камітэта, – адзначыў Валянцін Пузанкоў. - Старыя, пустуючыя дамы і пабудовы не ўпрыгожваюць населены пункт. Таму ў гэтым годзе знеслі трыццаць два такіх будынка ў Чэрвені і сельскіх населеных пунктах.
Кантралююцца 88 месцаў вырастання баршчэўніка Сасноўскага агульнай плошчай 8,3 гектара. На правядзенне мерапрыемстваў па барацьбе з ім сёлета з бюджэту выдзелілі пяць тысяч рублёў. Спецыялісты ТАА «Прафхімабарона» правялі хімічную апрацоўку месцаў вырастання баршчэўніка Сасноўскага на плошчы каля 10 гектараў. Акрамя таго, за кошт сродкаў землекарыстальнікаў гэтыя работы правялі на тэрыторыях Валевацкага сельвыканкама (2,36 гектара), эксперыментальнай базы «Натальеўск» (6,4 гектара), Чэрвеньскага лясгаса (3 гектары).
З сумнікам канадскім змагаліся механічным спосабам. Расліну выкасілі на плошчы каля 73 гектараў. Разам з тым, спецыялісты раённай санітарнай службы выявілі, што ААТ «Запольскае», «10 з'езд Саветаў», «Чэрвеньскі райаграсэрвіс» своечасова не арганізавалі мерапрыемствы па барацьбе з названымі інвазіўнымі відамі раслін.
Дарожныя службы рэгулярна праводзяць работы па навядзенні парадку ўздоўж аўтамабільных дарог і падтрыманню іх у належным стане. На паласе адводу працягласцю больш за 92 кіламетры прыбіраецца смецце, выдаляюцца ламачная драўніна, небяспечныя дрэвы, хмызняковая расліннасць. Таксама дарожнікі праводзяць рэйды па выяўленні і ліквідацыі несанкцыянаваных звалак адходаў, вывозяць смецце з пляцовак для прыпынку аўтобусаў і стаянак аўтатранспарту. Для азелянення тэрыторый уздоўж аўтамабільных дарог высаджваюць дрэвы і хмызнякі.
Чэрвеньскі лясгас правёў санітарныя рубкі і ўборку захламленасці ў рэкрэацыйна-аздараўленчых, прыродаахоўных і ахоўных лясах, у тым ліку на тэрыторыях, прылеглых да месцаў адпачынку, пляцовак уздоўж аўтамабільных дарог, да спажывецкіх кааператываў, знакавых аб'ектаў і іншых тэрыторый на плошчы 23 гектары, прыбраў смецце на 48 гектарах.
Для добраўпарадкавання зон адпачынку і месцаў для купання арганізацыі, за якімі замацаваны водныя аб'екты, забяспечылі ўстаноўку шасці кантэйнераў для збору адходаў, рамонт дзвюх грамадскіх прыбіральняў, двух шлагбаўмаў, гульнявой пляцоўкі і архітэктурнай формы.
У межах гідралагічнага помніка прыроды «Крыніца Галкоўскага» ўсталявалі інфармацыйны знак. Абсталявалі вогнішча на тэрыторыі заказніка «Іванаўскі».
У верасні на Чэрвеньшчыне прайшоў месячнік па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, у якім актыўна ўдзельнічалі прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, школьнікі і навучэнцы. Яны прыбіралі лістоту, вывозілі раслінныя рэшткі, абрэзалі дрэвы і хмызнякі.
Як распавёў Валянцін Пузанкоў, добрай традыцыяй у раёне стала правядзенне мерапрыемстваў «Чысты вадаём», «Тыдзень лесу», «Пасадзі дрэва». Напрыклад, сёлета ў акцыі «Тыдзень лесу» прынялі ўдзел 248 чалавек. Добраахвотнікі высадзілі 114 тысяч саджанцаў і сеянцоў на плошчы 17,5 гектара.
Асаблівая ўвага надавалася добраўпарадкаванню мемарыялаў. Да Дня Перамогі работнікі арганізацый, прадпрыемстваў, навучэнцы школ прывялі ў парадак 114 мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пахаванняў у месцах масавай гібелі грамадзянскага насельніцтва.
У рамках уладкавання і азелянення населеных пунктаў у раёне пабудавалі спартыўную пляцоўку, рэканструявалі каля двух гектараў газонаў, высадзілі дрэвы і хмызнякі. Па рэкамендацыях спецыялістаў санэпідслужбы адрамантавана, абсталявана агароджай і воданепранікальнай падставай 11 кантэйнерных пляцовак для збору адходаў у гарадскім пасёлку Смілавічы, пасёлку Азёрны, вёсках Петравінка, Грабёнка, Астравы і Хутар. Спецыялісты Чэрвеньскай ПМС ачысцілі 22 кіламетры меліярацыйных каналаў ад заілення, 14 кіламетраў - ад драўняна-хмызняковай расліннасці.
Гаворачы аб комплексе мер, накіраваных на ўцягванне ў гаспадарчы абарот неэфектыўна выкарыстоўваемых зямель, Валянцін Пузанкоў адзначыў:
- Кожны гектар зямлі павінен выкарыстоўвацца эфектыўна. У бягучым годзе ў сельскагаспадарчы абарот уцягнута 1690,73 гектара зямель. Для вядзення фермерскай гаспадаркі перададзена 1 378,91 гектара зямель сельскагаспадарчага прызначэння. Актуальны пералік зямельных участкаў, які можа быць перададзены зацікаўленым асобам для вядзення фермерскай гаспадаркі, размешчаны на афіцыйным сайце райвыканкама.
У ходзе ажыццяўлення дзяржаўнага кантролю за выкарыстаннем зямель аддзелам землеўпарадкавання з пачатку года праведзена 239 праверак выканання зямельнага заканадаўства ў 212 фізічных асоб, 22 юрыдычных і 5 індывідуальных прадпрымальнікаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 14 землекарыстальнікаў. Складзена і накіравана для разгляду ў суды 24 пратаколы. Парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў на агульную суму 3248 рублёў. Землекарыстальнікам выдадзена 196 прадпісанняў для ліквідацыі парушэнняў заканадаўства. У выніку прынятых мер ліквідавана 118 выяўленых парушэнняў.

Несанкцыянаваная звалка ў в. Ачыжа, тэрыторыя былога зернесклада
З пачатку года раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяла 171 кантрольнае мерапрыемства. Па іх выніках мы выдалі 71 прадпісанне, 105 рэкамендацый. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 37 асоб (17 юрыдычных, 18 службовых і 2 фізічных). Сума штрафаў склала больш за 16 тысяч рублёў…
Як паведаміла Наталля Свядыш, спецыялісты санэпідслужбы раёна пастаянна кантралююць розныя аспекты і складнікі паняццяў «санітарны стан» і «добраўпарадкаванне» - ад парадку на тэрыторыях вытворчых аб'ектаў да чысціні ў дварах мясцовых жыхароў, у вёсках і пасёлках, каля гаражоў і дачных масіваў.
- Толькі за верасень-кастрычнік мы правялі маніторынг 146 аб'ектаў, - распавяла яна. – Амаль на палове з іх выяўлены парушэнні. У асноўным гэта - несвоечасовыя пакос пустазельнай травы і ачыстка тэрыторый ад бытавога і вытворчага смецця. У прыватнасці, названыя парушэнні мелі месца на аб'ектах гандлю «Еўрагандаль», «Дабраном», «ЛенПрадуктСэрвіс», Бярэзінскі філіял Мінскага абласнога спажывецкага таварыства, «Андырпгандль», «Верасок Эліт».

Могілкі ў в. Майзорава
Усяго з пачатку года правераны санітарны стан тэрыторый 644 аб'ектаў. Парушэнні выяўлены на 275 з іх. Па выніках нагляду выдадзена 138 рэкамендацый для ліквідацыі парушэнняў, складзена 10 пратаколаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 8 службовых асоб арганізацый КСУП «Эксперыментальная база «Натальеўск», КУП «Жодзінскі водаканал», ТАА «ЛенПрадуктСэрвіс», ААТ «Валевачы», ААТ «10 з'езд Саветаў» (двойчы), УП «Чэрвеньская ЖКГ», Бярэзінскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства. Агульны памер штрафу на юрыдычных асоб склаў 870 рублёў, на фізічных - 638 рублёў. Кіраўнікам арганізацый накіраваны 5 хадайніцтваў аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых асоб. Выдадзены 453 патрабаванні па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні.
Адно з частых парушэнняў у населеных пунктах - несвоечасовы вываз смецця з тэрыторыі могілак. Такія факты, напрыклад, мелі месца ў вёсках Астравы, Майзорава, Ачыжа, Дуброва Чэрвеньскага сельсавета, у вёсцы Грабёнка Валевацкага сельсавета, вёсках Шасціснопы і Гудавічы Смілавіцкага сельсавета.
Праблемай аказалася і навядзенне парадку на падведамасных тэрыторыях арганізацый сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, у вёсках Грабянец, Ачыжа, Вайнілава на невыкарыстоўваемых аб'ектах сельскай гаспадаркі ААТ «Чэрвеньскі райаграсэрвіс» былі выяўлены несанкцыянаваныя звалкі смецця, частка аб'ектаў - у аварыйным стане.
Эфектыўнасць работы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі шмат у чым залежыць ад грамадзянскай свядомасці і актыўнасці насельніцтва. Вельмі важна «дастукацца» да свядомасці кожнага чалавека, аб'яднаць намаганні ўлады і ўсіх жыхароў раёна.
Падрыхтавала Галіна АКБАЛ

