Жыццё многіх землякоў было так ці інакш звязана з гэтым калгасам - хтосці працаваў там сам, у кагосці працавалі бацькі, сваякі ці суседзі, школьнікамі многія гараджане ездзілі туды дапамагаць збіраць ураджай, чытачы раёнкі з газеты даведваліся аб перадавых камбайнерах, паляводах, даярках. Таму можна смела сцвярджаць, што гісторыя «Бальшавіка» - частка нашай агульнай гісторыі.
Гэту прыгарадную гаспадарку многія добра памятаюць у сувязі з яе імем знакамітага старшыні: 27 гадоў кіраваў калгасам Сямён Стальмашонак. А пасля таго, як «Бальшавік» увайшоў у склад «Чэрвеньскага аграсэрвісу», сельгаспрадпрыемства ўзначаліў Станіслаў Альшэўскі. Гадамі і дзесяцігоддзямі ў кабінеце старшыні захоўваліся хронікі, фотаальбомы, дыпломы, граматы. Станіслаў Адамавіч захаваў багаты архіў «Бальшавіка». Як адзначыла дырэктар раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак, гэты ўчынак заслугоўвае вялікай павагі: «За кожнай старонкай — чалавечае жыццё, напоўненае цяжкай працай. Гэта гісторыя некалькіх пакаленняў людзей, іх перамог і дасягненняў, радасцяў, планаў, імкненняў. Гэтыя рэчы - сапраўдныя артэфакты, і выдатна, што Станіслаў Адамавіч іх захаваў і што цяпер яны сталі экспанатамі нашага музея».
Станіслаў Адамавіч прапанаваў, і адміністрацыя музея падтрымала ідэю аформіць з архіва экспазіцыю, каб хронікі «Бальшавіка» сталі даступнымі для ўсіх жадаючых дакрануцца да станіц сапраўднай, «жывой» гісторыі.
Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота Алены МАЛЕЦ

