Напярэдадні “Раённы веснік” паведамляў ужо, што шлях чэрвеньцаў да фіналу быў няпростым. Паспяхова, хаця і не без цяжкасцяў, рэалізаванае “Коласам” права на пратэст па выніках гасцявой сустрэчы з “Нівай” (Даўбізна) выклікала неадназначную рэакцыю ў футбольных колах. Нашу каманду папракалі ў тым, што, маўляў, выйшлі ў фінал на паперы. Але ў матчы за Кубак яна гульнёй даказала скептыкам і нядобразычліўцам: усё было па справядлівасці.

“Колас” пры гучнай падтрымцы балельшчыкаў, для якіх раённы фізкультурна-спартыўны клуб адмыслова арганізаваў паездку ў Мінск, актыўна пачаў сустрэчу. Асабліва прыкметным быў на полі паўабаронца Павел Клімовіч. Менавіта на ім двойчы груба сфаліў ігрок “Энергетыка” Максім Лыскавец, і ўжо на 18-й хвіліне сустрэчы мінчане засталіся ўдзесяцёх. А яшчэ праз пяць хвілін “Колас” адкрыў лік: Сяргей Лізуноў абвёў трох сапернікаў і прабіў па варотах без шанцаў для галкіпера.

Да гонару “Энергетыка”, ён не скарыўся пасля прапушчанага мяча. Нават удзесяцёх мінчане да перапынку прынеслі нямала клопатаў нашай абароне і варатару Аляксандру Курыловічу.

У другім тайме “Колас” гуляў па ліку. На пэўны час ён нават аддаў тэрытарыяльную перавагу саперніку з разлікам злавіць яго на контратацы. І гэтая тактыка спрацавала: на 66-й хвіліне Ягор Ляшчынскі, які пасля перапынку выйшаў на замену, з перадачы Паўла Клімовіча падвоіў галявую перавагу чэрвеньцаў. Праз дзве хвіліны “Энергетык-БДАТУ” адыграў адзін мяч. Але неўзабаве Ягор Ляшчынскі зноў павялічыў разрыў у ліку. А пераможную кропку ў гульні на апошняй хвіліне асноўнага часу матчу паставіў Сяргей Лізуноў – 4:1.

Такім чынам, “Колас” “прасек” сабе “акно ў Еўропу”: як пераможца турніру ён прадставіць Беларусь у 12-м розыгрышы Кубку рэгіёнаў УЕФА сезона 2022/2023.
За поспехам – вялікая праца многіх людзей. Найперш – выконваючага абавязкі старшыні раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, паўабаронцы “Коласа” Дзмітрыя Чыстага, прадстаўнікоў трэнерскага штабу Аляксандра Мрынскага і Ільі Прытыкі, урача Вольгі Шарковай. Таксама каманда шчыра дзякуе за падтрымку сваім адданым балельшчыкам, галоўнаму ўпраўленню спорту і турызму Мінаблвыканкама, раённаму выканаўчаму камітэту, федэрацыі футбола Мінскай вобласці, кіраўніцтву Чэрвеньскай СДЮШАР і работнікам стадыёна. Разам мы перамаглі!

«ЭНЕРГЕТЫК-БДАТУ» – “КОЛАС” (Чэрвень) – 1:4.
6 лістапада. Мінск. Стадыён «Дынама-Юні». 80 гледачоў.
“Колас”: Курыловіч, Весялоў (Гумінскі, 64), Івашкін, Цэдрык, Бычынскі (Ляшчынскі, 46), Сарачынскі (Курбанаў, 87), Данілік (Шафераў, 83), Радзюк (Гурыновіч, 59), Клімовіч, Лагун (Шарыпаў, 46), Лізуноў (Шмідаў, 90).
Галы ў «Коласа»: Лізуноў (23, 90), Ляшчынскі (66, 78).
Больш фота – у групе “Чэрвеньскі футбол” УКантакце.

