Таму, хто за рулём, напэўна знаёма сітуацыя: у цёмны час сутак на пешаходным пераходзе ён не саступіў дарогу пешаходу. Таму, што проста не заўважыў яго, апранутага ў цёмную вопратку. Пры адсутнасці святлоадбівальных элементаў яго сапраўды няпроста ўбачыць. А як вынік - стрэс у кіроўцы і абурэнне ў пешахода.
– Пры руху ў цёмны час сутак па неасветленых дарогах вадзіцель бачыць толькі тую частку дарогі, якая асветлена фарамі аўтамабіля, – пракаментаваў начальнік Чэрвеньскага раённага аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі, маёр міліцыі Аляксей Красікаў. - Асабліва цяжка заўважыць на дарозе ў цемры пешаходаў, веласіпедыстаў і гужавы транспарт. Каля 45 працэнтаў усіх дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі здзяйсняецца ў цёмны час сутак. Па здарэннях з удзелам пешаходаў у асенне-зімовы перыяд гэта лічба даходзіць да 65. Такім чынам, рызыка трапіць у аварыю ў цёмны час сутак у пешых грамадзян у 2 разы вышэй.
У такой сітуацыі ў супрацоўнікаў ДАІ мэта адна - зрабіць пешаходаў як мага больш прыкметнымі. Карэспандэнт «Раеннага весніка» выехаў з экіпажам машыны дарожна-патрульнай службы на вячэрнія вуліцы Чэрвеня і Смілавічаў.
- Мы гутарым з грамадзянамі на вуліцы практычны кожны дзень, не толькі падчас прафілактычных рэйдаў і акцый – распавёў інспектар ДПС, капітан міліцыі Сяргей Буры. – Вядома, у фокусе ўвагі тыя, хто рухаецца ў цемры без святлоадбіўных элементаў на адзенні або ровары. Мы не ставім сабе мэту пакараць, бо пры руху ў гарадскіх умовах няма абавязковага правілы насіць на вопратцы «катафоты». Але ва ўмовах дрэннага надвор'я і ў цёмны час сутак кіроўцы проста не бачаць пешаходаў без «падсвятлення» або заўважаюць іх ужо занадта позна. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што пешаходы, бачачы агні надыходзячай машыны, упэўнены, што і кіроўца іх бачыць.
Таму, па словах інспектара ДПС, яны звяртаюць увагу на бяспеку пешаходаў і веласіпедыстаў на вуліцах і на наяўнасць у іх святлоадбівальнікаў на верхняй вопратцы, заплечніках, торбах, дзіцячых калясках, самакатах і роварах. У выпадку адсутнасці «флікера» супрацоўнікі ДАІ прапануюць ім пазначыць сябе святлоадбіўнымі элементамі, якія інспектары вырабляюць уласнаручна. Бо самае галоўнае, каб грамадзяне змаглі бяспечна дабрацца да месца прызначэння!

Мы пагутарылі з жыхарамі Чэрвеня, ці адчуваюць яны сябе ў бяспецы на дарогах, маючы пры сабе «катафот».
- Я працую ў вёсцы Натальеўск, на працу і дадому даводзіцца хадзіць, калі на вуліцы цёмна, ды яшчэ і праз увесь горад – падзялілася Крысціна Асонава. - Мне «флікер» на вопратцы проста неабходны, бо часам частку шляху даводзіцца ісці па абочыне, дзе няма асвятлення. З ім мяне кіроўцы заўважаюць на дарозе, і я адчуваю сябе больш упэўнена.
- Я ў асноўным хаджу па тратуарах, пераходжу дарогу на святлафоры або па пешаходным пераходзе – распавяла Надзея Іванова. - Але пры гэтым нашу «флікер» на сумачцы, так бяспечней.
А вось жыхарка горада Алена ў той вечар гуляла без «падсвятлення». У сваё апраўданне адказала, што перасоўваецца ў асноўным на машыне, а ў той дзень выйшла пагуляць з дзецьмі і проста забылася прымацаваць да адзення «флікер».
– Я сама за рулём, і мне не камфортна, калі пешаходы не прыкметны на дарозе, – гаварыла яна. - Насіць святлоадбівальныя элементы трэба абавязкова. На шчасце, часцей за ўсё, на дзіцячай вопратцы яны маюцца ў фабрычнай камплектацыі.
Сяргей Буры адзначыў, што нават пры наяўнасці «флікера» неабходна выконваць правілы: ідзем на працу, вучобу або на трэніроўку толькі па тратуары або пешаходнай дарожцы, прытрымліваючыся правага боку. Калі тратуара няма, можна ісці па абочыне дарогі, не выходзячы на праезную частку. А калі няма зручнай абочыны, пешаходам дазволена ісці па краі праезнай часткі, прычым толькі ў адзін шэраг адзін за адным і абавязкова насустрач руху машын. Па магчымасці варта апрануцца ў светлую вопратку. Каб не патрапіць у дарожна-транспартнае здарэнне, перад пачаткам пераходу праезнай часткі пешаходы павінны пераканацца ў бяспецы - спыніцца, паглядзець па баках, дачакацца, каб усе машыны перад пешаходным пераходам спыніліся, толькі затым пачынаць пераход праз праезную частку.
- Таксама вартыя ўвагі дзеці і пажылыя пешаходы: яны часта не глядзяць на дарогу і пераходзяць праезную частку там, дзе ім захочацца, – прызнаецца Сяргей Буры. - Аднак самае дрэннае - гэта п'яныя пешаходы і веласіпедысты: яны здольныя «выкідаць» на дарозе такія «фортэлі», што дзіву даешся.
Таксама інспектар ДПС адзначыў, што вельмі важна пры выяўленні пешахода, які неадэкватна паводзіць сябе на дарозе або калі чалавек зусім ляжыць на праезнай частцы або абочыне, трэба абавязкова патэлефанаваць па нумары 102 і выклікаць на месца супрацоўнікаў ДАІ.
- Ад культуры паводзін на дарозе залежаць жыццё і здароўе людзей. Дзяржаўтаінспекцыя настойліва рэкамендуе як кіроўцам, так і пешаходам, выконваць патрабаванні правілаў дарожнага руху, быць вельмі ўважлівымі і ветлівымі на дарогах – падкрэсліў Аляксей Красікаў. - Чым больш будзе святлоадбівальных элементаў на верхняй вопратцы пешахода, тым ён будзе больш прыкметным на дарозе, а значыць, будзе ў большай бяспецы.
Галіна Акбал

